забойства з асаблівай жорсткасцю

Бабруйчанін забіў сваю маці-сабутыльніцу насмерць

41-гадовы жыхар Бабруйска тры разы запар хадзіў за дабаўкай у краму, а калі п’яная маці стала смяяцца над ім, забіў яе кулакамі да смерці.

Генеральная пракуратура Беларусі апублікавала матэрыялы судовай справы наконт забойства з асаблівай жорсткасцю. Паведамляецца, што ў лютым 2024 года абвінавачаны, 41-гадовы жыхар Бабруйска, разам з маці на працягу дня ўжывалі спіртное. Увечары, калі алкагольныя напоі скончыліся, абвінавачаны ў трэці раз за дзень схадзіў у краму за «дабаўкай». 

Прыйшоўшы ў кватэру, на прапанову выпіць разам, пачуў ад маці абразлівыя выказванні. У ходзе ўзніклага канфлікту абвінавачаны падышоў да маці, якая ляжала на ложку, і нанёс ёй не менш як 20 удараў рукамі і нагамі па розных частках цела, у тым ліку ў жыццёва важныя органы, прычыняючы асаблівыя пакуты. Смерць пацярпелай наступіла на месцы здарэння праз непрацяглы час.

Падчас судовага пасяджэння абвінавачаны віну не прызнаў, растлумачыў, што ў момант учынення злачынства знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення, намеру на пазбаўленне жыцця маці не меў.

З улікам усіх абставін, мужчыне прызначылі 18 гадоў калоніі.

Фота ілюстрацыйнае