Як завяршылася экспедыцыя на Магілёўшчыне па пошуках метэарыта?

Знайшлі штосьці вельмі падобнае, але не тое.

У Бабруйскім раёне завяршылася другая экспедыцыя па пошуках самага яркага метэарыта за ўсю гісторыю назіранняў у Беларусі. Супрацоўнікі Мінскага планетарыя прайшлі шмат дзясяткаў кіламетраў у ваколіцах вёсак Вярбкі, Раксалянка, Ізюмава, Пад’ясенка і Токары, правяраючы магнітам усе камяні на сваім шляху.

З другой спробы, 26 траўня ім удалося напаткаць камень з прыкметамі магнетызму – піша гарадскі паблік bobr.by. Праўда, гэта не той самы камень, што шукалі энтузіясты. Абломак не праявіў моцна выяўленых магнітных уласцівасцяў і быў пакінуты на месцы.

Пазней яго ўсё ж забралі ў планетарый. Аб’ём камяня 4080 мл, шчыльнасць 2,4 г/куб.см. Магнітныя ўласцівасці ён выяўляе: у лабараторных умовах некаторыя фрагменты камяня ўсё ж прыцягваюць невялікія металічныя прадметы. На чарзе – геалагічная экспертыза, якая вызначыць яго пароду.

Астраномы не губляюць надзею знайсці і майскі метэарыт. Яны працягнуць пошукі ўвосень, пасля ўборкі ўраджаю з палёў.

Фота: bobr.by