П’яны сужыцель маці збіваў малечу паўгода, пакуль не забіў насмерць. Цяпер яму пагражае смяротнае пакаранне.
Сям’ю, у якой здарылася гэтае жахлівае забойства, следства не называе нядобранадзейнай. Абодва сужыцелі працавалі, на працы і пазнаёміліся ўвесну мінулага году. Жанчына мела трохгадовае дзіця, мужчына – дзве судзімасці. Як паведамляе Следчы камітэт Беларусі, год таму, у чэрвені 2021 года яны сталі жыць разам. Першым часам здымалі кватэру. Тады ж трыццацігадовы мужчына – імя якога не называецца – упершыню збіў дачку сваёй сужыцельніцы.
Збіцці сталі рэгулярнымі, працягваліся і пасля таго, як пара вырашыла эканоміць на арэндзе жылля і пераехала да маці жанчыны.
6 кастрычніка 2021 года 27-гадовая жанчына вярнулася з працы позна вечарам. Гэта было пастаяннай з’явай – яна была занятая на працы больш за свайго сужыцеля, і менавіта ён праводзіў з дзяўчынкай большасць часу.
У той дзень ён нанёс малечы каля трыццаці ўдараў. Хапаючы за валасы, біў аб керамічную плітку ў ванным пакоі. Калі маці вярнулася – дзяўчынка ўжо спала. А нараніцу стала задыхацца. Выкліканая хуткая дапамога не змагла выратаваць яе жыццё. Дзяўчынка памерла ў рэанімацыйным аўтамабілі проста пад пад’ездам свайго дому. Як потым канстатавалі эксперты, прычынай смерці стаў ацёк галаўнога мозга ў выніку чэрапна-мазгавой траўмы.
На следстве мужчына спрабаваў адпірацца ад сваёй віны, пазначаюць у Следчым камітэце. Спрабаваў давесці, што дзяўчынка загінула выпадкова, ударыўшыся галавой аб сцяну ў ваннай.
Частка 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэксу, па якім мужчыне выстаўленае абвінавачванне, прадугледжвае вышэйшую меру пакарання адразу па двух пазіцыях абвінавачвання – забойства малалетняга, забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю.
Экспертыза пастанавіла пры гэтым, што мужчына быў цалкам здольны асэнсоўваць свае дзеянні і не знаходзіўся ў стане афекту.
Следства не абышло ўвагай і адсутнасць кантролю за сітуацыяй з боку адміністрацыі дзіцячага садка ў Бабруйску, куды ўвесь гэты час хадзіла дзяўчынка. Загадчык садка быў звольнены, да некалькіх іншых супрацоўнікаў ужытыя адміністрацыйныя спагнанні.
фота: sk.gov.by, Сайт Следчага камітэту Беларусі