Жыхарка вёскі Чарнышын Чэрыкаўскага раёна Ева Марудзенка з’яўляецца не проста чалавекам з багатай працоўнай біяграфіяй, але таксама ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.
Віншавалі чэрыкаўлянку з юбілеем прадстаўнікі райвыканкама, міліцыі і нават школьнікі. Але акрамя цёплых слоў удзячнасці і падтрымкі доўгажыхарцы падаравалі кветкі і новы пашпарт, які разлічаны ажно на 25 год.
Разынкай віншавання сталася выступлення артыстаў Верамейскага сельскага Цэнтра культуры, якія выказалі свае пажаданні песняй. Яны падрыхтавалі і выканалі спецыяльна для юбіляра некалькі музычных нумароў – паведамляе раённая газета “Веснік Чэрыкаўшчыны”.
Між іншым, шлях жанчыны-доўгажыхаркі лёгкім не назавеш, бо на сваім вяку яна пабачыла шматлікае, і самымі страшнымі былі, вядома ж, гады вайны і пасляваеннай разрухі. Але любоў да жыцця, роднага краю і людзей, адданая праца загартавалі яе і далі сілаў і здароўя дажыць да сваёй залатой даты.
Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны”.