14 студзеня расійскія войскі нанеслі авіяцыйны ўдар па тэрыторыі Украіны.
У выніку ракетнай атакі пацярпелі энергетычныя аб’екты ў Харкаўскай, Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Запарожскай, Вінніцкай і Кіеўскай абласцях.
У горадзе Днепр ракета трапіла ў шматпавярховы жылы будынак і разбурыла адзін з пад’ездаў дома. На дадзены момант вядома пра 20 ахвяр, сярод якіх адзін дзіцёнак. Яшчэ 40 чалавек лічацца зніклымі без вестак. На фота – выратаваная непаўналетняя дзяўчынка сядзіць на руінах таго, што калісьці было яе кватэрай.
Камандуючы Паветраных Сіл Узброеных Сіл Украіны генерал-лейтэнант Мікалай Аляшчук, каментуючы ўдар па Дняпры, патлумачыў, што ракета не збівалася украінскімі сродкамі супрацьпаветранай абароны:
– 14 студзеня 2023 г. з пяці далёкіх бамбавікоў Ту-22м3 ВКС РФ па тэрыторыі Украіны было выпушчана пяць крылатых ракет Х-22. Пускі ажыццяўляліся з Курскай вобласці і з акваторыі Азоўскага мора. Адна з ракет Х-22, запушчаная з раёна Курскай вобласці каля 15 гадзін. 30 мін. 14 студзеня 2023 года, трапіла ў шматпавярховік у г. Дняпро (па вул. Набярэжная Перамогі). Ва Узброеных Сілах Украіны няма агнявых сродкаў, здольных збіваць гэты тып ракет. З пачатку ваеннай агрэсіі Расіі па тэрыторыі Украіны было выпушчана больш за 210 ракет гэтага тыпу. Ні адна – не збітая сродкамі супрацьпаветранай абароны.
У горадзе Днепр абвешчаны трохдзённы траур.
Фота з адкрытых крыніц.