У матэрыяле ад 18 сакавіка – “Дзень у гісторыі” mogilev.media сярод іншага напісалі пра дэбют на сцэне Марыінскага тэатра сусветна вядомага беларускага опернага спевака Вячаслава Селяха. У матэрыяле пра Мікалая Рымскава-Корсакава было сказана наступнае: “У яго оперы «Казка пра цара Салтана» у 1916 годзе дэбютаваў у Марыінскім тэатры беларускі спявак Вячаслаў Селях-Качаньскі, які атрымаў сусветную вядомасць. “
Сёння рэдакцыя mogilev.media атрымала ліст ад чытача, які прыводзім тут цалкам.
“Добры дзень, паважаная рэдакцыя Магілёў.media.
Выпадкова натрапіў на вашу нататку ад 18 сакавіка 2023 г. прысвечаную М. Рымскаму-Корсакаву, дзе гаворыцца пра Вячаслава Антонавіча Селяха і яго дэбютны спектакль у Марыінскім тэатры ў оперы «Казка пра цара Салтана» ў 1916 г. Дзякуй за яго згадванне, але на жаль, аўтар дапусціў факталагічную памылку, якая мае месца ў некаторых інтэрнэт-публікацыях, звязаўшы дэбют Вячаслава Антонавіча ў Марыінскім тэатры з операй “Казка пра цара Салтана”. Свой дэбют В. Селях атрымаў у Марыінцы 28 красавіка 1915 года ў оперы «Князь Ігар» А. Барадзіна. Для пацверджання сваіх слоў адсылаю вам афішу дэбютнага спектакля Вячаслава Антонавіча (залучнік).
З павагай,
Селях Сяргей.”
Mogilev.media прыносіць свае прабачэнні чытачам за недакладнасць, і з радасцю выпраўляе памылку гэтым удакладненнем.