Вайна ва Ўкраіне. 25 украінцаў загінула ад расійскага абстрэлу ў Днепрапятроўскай вобласьці

У пасёлку Чапліна з 25 загінулых – двое дзяцяй. Яшчэ 31 чалавек атрымаў раненні.

Пасёлак і чыгуначную станцыю Чапліна расіяне атакавалі 24 жніўня ўвечары. Ракеты пацэлілі ў дамы прыватнага сектару і вагоны.

images.unian.net

Апоўначы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў аб 22 загінулых, пяць з якіх згарэлі ў аўтамабілі. Таксама было адшуканае цела 11-гадовага хлопчыка, які знаходзіўся ў доме, куды трапіла расійская ракета. Раніцай стала вядома пра смерць 6-гадовага хлопчыка.

Блізу 10 гадзінаў паводле кіеўскага часу ратавальнікі завяршылі пошукавыя працы, піша інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

«У выніку абстрэлаў жылога сектара і чыгуначнай станцыі загінулі 25 чалавек, з іх двое – дзеці», – адзначае намеснік кіраўніка Офісу ўкраінскага прэзідэнта Кірыл Цімашэнка.

Па ягоных словах, у выніку расійскай атакі на Чапліна пацярпеў 31 чалавек.

images.unian.net

Украінскія спецслужбы і палітыкі неаднаразова папярэджвалі ўкраінцаў аб высокай пагрозе ракетных удараў расійскімі войскамі ў 31-ю гадавіну Незалежнасці Украіны. 24 жніўня па ўсёй тэрыторыі краіны раздаваліся паветраныя трывогі.

Расія апраўдвае абстрэл Чапліна тым, што там былі ўкраінскія вайскоўцы. Паводле тэлеграм-каналу «Минобороны России» у выніку ракетнай атакі «па воінскім эшалоне на чыгуначнай станцыі Чапліна ў Днепрапятроўскай вобласці знішчана звыш 200 вайскоўцаў рэзерву ВСУ і 10 адзінак ваеннай тэхнікі, якія напраўляліся ў зону баявых дзеянняў на Данбасе».

фота: unian.net