У вёсцы Гамарня Быхаўскага раёна правялі рытуал па выкліканні дажджу – піша “Маяк Прыдняпроўя”. Удзельніцы абраду, захапіўшы з сабой саматканае вузкае палатно, адправіліся да крыніцы. Палатно ткалі на працягу некалькіх дзён “самыя паважаныя ў сяле жанчыны” – сцвярджае выданне. Палатно падчас рытуала сімвалізавала бесперапынныя струмяні дажджу.
Потым у ваду апусцілі дробку маку, які сімвалізуе дождж, з просьбай аб пасланні дажджу. А таксама крыжападобна асвяцілі крыніцу дробкай чацвярговай солі з малітвай да ўсіх святых.
Напрыканцы мінулага тыдня на Магілёўшчыне ўжо выклікалі дождж. Пра рытуал у Клімавіцкім раёне з распашкай берага ракі плугам пісалі mogilev.media. Што цікава, у мінулую суботу ў многіх раёнах Магілёўшчыны сапраўды прайшоў дождж – адзіны за доўгія тыдні засушлівага надвор’я.
Фота: “Маяк Прыдняпроўя”