Інвестар Аляксей Салаўёў, уласнік свайго прадпрыемства, набыў у вёсцы Новая Слабада Слаўгарадскага раёна старую ферму ў мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства. Тут ён планаваў размясціць свой новы цэх і ўжо правёў у памяшканні рамонт. Але аднойчы, прыехаўшы ў Новую Слабаду па справах, пабачыў, што яго будынак ужо не існуе. Пра анекдатычную сітуацыю з інвестыцыямі ў Слаўгарадскім раёне расказаў тэлеканал АНТ.
– Прыязджаю з „Белтэлекама“ з майстрам, каб ён падкарэктаваў – нешта там сігналізацыя дрэнна працавала. – распавёў у сюжэце мужчына – Выйшаў з машыны, гляджу – ідзе будоўля нейкая. Выходжу з-за павароту, гляджу – а майго будынка няма. Падыходжу да людзей сюды, кажу: „А хто знёс мой цэх?“ Кажуць: „Які ваш цэх?”.
Як высветлілася, гаспадарку “Прысожжа”, у якой Аляксей Салаўёў набываў ферму, далучылі да іншага сельгаспрадпрыемства – “Прывольны Агра”. Кіраўнік апошняй арганізацыі вырашыў навесці парадак на сваіх новых тэрыторыях, і пад замах разбурыў памяшканне, якое належыла ўжо новаму ўласніку.
Пакет дакументаў, які ёсць у прадпрымальніка – дагавор куплі-продажу, пасведчанне аб рэгістрацыі і тэхнічны пашпарт – ніякай ролі не адыграў. Дырэктар «Прывольнага Агра» Міхаіл Пліндаў у каментарыі журналістам заявіў, што ўсіх гэтых дакументаў перад зносам не бачыў.
– Яны [знесеныя будынкі прыватніка] не былі ні асобна выгароджаныя, яны не стаялі асобна, яны знаходзіліся ў адной лініі з усімі трухлявымі будынкамі [стратнага дзяржпрадпрыемства]» – растлумачыў ён.
Зараз Аляксей Салаўёў разам з адвакатам рыхтуецца да судовага разбіральніцтва па гэтай справе. Набыццё старой фермы абышлося яму ў 7 500 рублёў. У дзесяць разоў больш было ўкладзена ў капрамонт памяшканняў.
Фота: Тэлеканал АНТ, скрыншоты