На Магілёўшчыне стала менш скаціны і больш свінняў

Прычым масава гібее, верагодна, маладняк. А вось афрыканская чума свіней, як выглядае, абыходзіць наш рэгіён стараной.

Дзівосы афіцыйнай статыстыкі выявіла і пракаментавала выданне Thinktanks. Абапіраючыся на даныя Белстата, рэсурс падсумаваў, што ў некаторых рэгіёнах нашай краіны адбыўся масавы падзёж скаціны. Так, у Валожынскім раёне зусім не засталося свінняў – тут пагалоўе скарацілася на 70 тысяч галоў. Гэтаксама церпяць ад масавага скарачэння колькасці гэтых жывёл некаторыя раёны Мінскай і Гомельскай абласцей. 

На Магілёўшчыне, наадварот, пагалоўе свінняў вырасла на 10,4%. У гэты самы час, для параўнання, на Міншчыне яно скарацілася на 22,5%, а на Гомельшчыне аж на 26%. Усяго па Беларусі назіраюцца страты ў 238 тысяч галоў, гэта 10% ад агульнай колькасці. Найбольш верагоднай прычынай такіх страт называюць афрыканскую чуму свінняў.

Адначасова, на Магілёўшчыне назіраецца рэзкае скарачэнне буйной рагатай жывёлы, прычым гэта зусім не каровы. Усяго па Беларусі пагалоўе рагуляў скарацілася на 115,2 тысяч галоў, але пры гэтым толькі каля 12 тысяч з гэтай колькасці склалі каровы. Хто ж тады астатнія? Аналітыкі дапускаюць, што хутчэй за ўсё – маладняк. І гэта трывожны званочак для сельскай гаспадаркі, бо такая тэндэнцыя падрывае рэпрадукцыйныя магчымасці гаспадарак.

Найбольшыя страты буйной рагатай жывёлы ў краіне назіраюцца ў трох раёнах Магілёўшчыны – Мсціслаўскім (-19,9%), Клімавіцкім (-11,5%) і Дрыбінскім (-11,3%).

Фота ілюстрацыйнае