Двое сяброў у аграгарадку Верамейкі Чэрыкаўскага раёна ў траўні гэтага года зладзілі страляніну па бутэльках. Перад гэтым яны выпілі – паведамляе прэс-служба судовых экспертыз. Стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі «Hatsan» мадэлі «Dominator 200C», пазычанай у знаёмага – такая вінтоўка мае высокую дульную энэргію (больш за 13 Джоўль) і адносіцца да катэгорыі паляўнічай зброі.
Падчас стральбы па бутэльках адзін сябар перастаўляў мішэні, а другі выпадкова націснуў на спускавы кручок. Куля патрапіла роўна ў галёнку першаму мужчыне, засеўшы ў ране. Яму прыйшлося звяртацца да медыкаў, якія паведамілі праваахоўнікам пра раненне.
Высветлілася, што карыстанне вінтоўкай падобнай моцы дазваляецца толькі людзям, якія маюць пасведчанне на права палявання. На 35-гадовага жыхара Верамеек, што падстрэліў сябра, заведзена адміністрацыйная справа за незаконнае нашэнне паляўнічай зброі.
Фота ілюстрацыйнае