Вайна ва Украіне зменшыла продаж прадукцыі акцыянернага таварыства «Магілёўдрэў» на еўрапейскім рынку да 5 працэнтаў. Яго кіраўніцтва заяўляе, што цяпер прадпрыемства гандлюе з Расіяй, Кітаем, Азербайджанам.
Дырэктар Сяргей Фідзельскі настойвае: «Магілёўдрэў» «нягледзячы на палітыку санкцыйнага ціску» працуе ў штатным рэжыме без прастояў. У інтэрв’ю дзяржаўнаму агенцтву «Белта» ён наўпрост не кажа пра вайну ў суседняй краіне, а адзначае, што «у сакавіку сутыкнуліся з наступствамі вядомых падзеяў ва Ўкраіне». Гаворачы аб новых рынках продажу прадукцыі Фідзельскі адзначае, што там «таксама гандляваць прыбыткова і рэнтабельна».
На прадпрыемстве працуе блізу 460 чалавек. Яно спецыялізуецца на вырабе мэблі і сталярных вырабаў з сасонкі ды іншых парод драўніны.
Яго стварылі ў 1956 годзе. Ад 1994-га дзеіць як акцыянернае таварыства. У 2003 годзе рашэннем Гаспадарчага суда Магілёўскай вобласці было прызнанае банкрутам праз «неэфектыўнасць кіравання і недастатковую эканамічную граматнасць кіраўнікоў». Захады аднаўлення рэнтабельнасці цягам наступных 5 гадоў не далі вынікаў.
У 2008 годзе Аляксандр Лукашэнка выдаў указ аб мадэрнізацыі і рэструктурызацыі даўгоў прадпрыемстваў мэблевай прамысловасці. Згоднаму яму дзяржава гарантавала вяртанне даўгоў у абмен на акцыі. Цяпер дзяржава валодае 80 працэнтамі акцыяў «Магілёўдрэў».
На сайце «Магілёўдрэў» няма звестак аб еўрапейскіх партнёрах прадпрыемства. У раздзеле «Навіны» згадваецца, што яго прадукцыя экспанавалася ў 2019 годзе на выставе ў нямецкім Кёльне.