Асіпаўчанка Вольга Астапоўская годна выступіла ў фінале нацыянальнага конкурсу “Прыгажосць Беларусі-2022” і заваявала сімпатыі глядачоў.
Конкурс прыгажосці “Краса Беларусі” сярод шматдзетных жанчын прайшоў другі раз і завяршыўся прыгожым фіналам 26 лістапада. Усяго ж за тытул змагаліся восем прыгажунь са сталіцы і столькі ж з рэгіёнаў. Кожная з 16 фіналістак мае досвед шматдзетнага мацярынства, добрыя вонкавыя дадзеныя, высокі інтэлект, адкрытасць, гатовасць да самапрэзентацыі.
Тым больш прыемна, што Вольга, якая з усіх удзельніц конкурсу прадстаўляла самы маленькі горад, доўгі час лідзіравала ў галасаванні гледачоў. Толькі ў апошнія гадзіны пальму першынства перахапіла віцяблянка Марыя Шандзюкова.
Як паведаміла газета “Асіповіцкі край”, Вольга – маці траіх дзяцей. Сын Даніла ў гэтым годзе чакае выпускныя экзамены, гарэзная модніца Віялета – умелая кулінарка, а маленькі Мікіта – улюбёнец сям’і, яму днямі споўнілася два гады. Быць шчаслівай шматдзетнай маці дапамагае кахаючы муж, які падтрымлівае яе ідэі.
Асіпаўчане лічаць, што “яна таленавітая, творчая і ўсебакова развітая жанчына, добрая маці, якая гарманічна спалучае ў сабе інтэлектуальныя дадзеныя з прыгажосцю і абаяннем.” Сярод карысных звычак Вольгі – спорт, які з катэгорыі хобі прывёў у прафесію фітнес-нутрыцыёлага.
Сама яна кажа:
– Самарэалізацыя надзвычай важная для мяне. Шчыра радуюся, калі адчуваю сябе карыснай, дапамагаю людзям. Шалёна падабаецца бачыць вынікі працы: мая праграма дапамагае дзяўчынам і жанчынам разумець, кахаць, шанаваць сябе, выбудоўваць гарманічныя адносіны з партнёрам.
У конкурсе Вольга Астапоўская хацела паказаць, што “мама – выдатная жанчына, якая ў любым узросце і ў любой прафесіі можа заставацца жаноцкай”.