У Вінніцы пахавалі 4-гадовую Лізу, якая загінула ад расійскай атакі на горад. Маці пра паховіны дачкі не казалі

У Вінніцы развіталіся з 4-гадовай Лізай Дзмітрыевай, якая імгненна загінула 14 ліпеня ў выніку ракетнага ўдару расіянаў па горадзе.

img.tsn.ua

Цырымонія прайшла ў Спаса-Праабражэнскім кафедральным саборы. На службу прыйшлі некалькі дзясяткаў гараджан з кветкамі і дзіцячымі цацкамі, піша «Суспільне Новини».

img.tsn.ua

У дзень абстрэлу Ліза з мамай ішла да лагапеда. Дзяўчынка была з сіндромам Дауна, у паўгода перанесла цяжкую аперацыю на сэрцы.

Ліза памерла адразу. Маці, Ірына Дзмітрыева, шпіталізавана з траўмай брушной поласці.

cdn4.suspilne.media

«У Ірыны цяжкі, але стабільны стан. Добра, што яна апрытомнела. Шмат акалічнасцяў яна не ведае, і пра сённяшнюю падзею мы ёй нават не паведамлялі. І мы толькі спадзяемся на яе выздараўленне, на сілы патрэбам і тым людзям, якія пацярпелі ад трагедыі. Бо акрамя гісторыі Ірыны і Лізанькі, ёсць і іншыя гісторыі, калі пацярпелі бацькі і дзеці », – кажа знаёмая пацярпелай.

У выніку расійскага нападу ў Вінніцы загінулі яшчэ двое хлопчыкаў сямі і васьмі гадоў.

cdn4.suspilne.media

 Адзін з іх знаходзіўся на абследаванні ў лякарні, памёр разам з маці. Другі чакаў дзядзьку ў прыпаркаванай машыне.

14 ліпеня ў 10.45 Расія нанесла ракетны ўдар па Вінніцы ракетамі тыпу «Калібр» з падводнай лодкі з акваторыі Чорнага мора.

Загінулі 24 чалавекі, у тым ліку трое дзяцей. Медычная дапамога аказана 202 чалавекам. У стацыянарах гораду працягваюць лячыцца 68 пацыентаў, у тым ліку 4 дзіцяці.

фота: suspilne.media