У аграгарадку Кароўчына Дрыбінскага раёна здолелі ажывіць унікальную традыцыю лапцепляцення.
Тэхналогію пляцення лапцей з назвай «відушчыя» прыдумалі на Дрыбіншчыне шмат стагоддзяў таму. У такім абутку паміж падэшвай і пяцелькамі пад аборы застаюцца адтуліны – “вочкі”. Сакрэты майстэрства некалі перадавалі з пакалення ў пакаленне, а потым яно страціла актуальнасць.
Малодшы навуковы супрацоўнік Дома рамёстваў аграгарадка Кароўчына Валянціна Майсеева распавяла пра аднаўленне традыцыі:
– І мы вось да бабулі прыйшлі. Яна ўзяла ў рукі лыка і пачала плесці. Кажа: “Ой, галава не памятае, а рукі памятаюць”. Мы хадзілі, здымалі на фотаапарат, відэа здымалі, усё фіксавалі, потым глядзелі, спрабавалі. Што не атрымлівалася – зноў да яе ішлі. Доўга гэта ўсё, але навучыліся.
Зараз у Кароўчыне вырабляюць пад 300 пар лапцей штогод, самых розных памераў і ў тым ліку сувенірныя – піша газета “Савецкая вёска”.
Раней на Дрыбіншчыне адрадзілі яшчэ адзін старадаўні абутковы брэнд – валёнкі. Тэхналогіі валяння, якую мясцовыя шапавалы стварылі ў XVII стагоддзі, тут таксама навучаюць дзяцей. Шапавальства і лапцепляценне ўваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: “Савецкая вёска”