Дзень у гісторыі. Згадайма Юрку Віцьбіча, які ўратаваў парэшткі Еўфрасінні Полацкай. Сёння не ямо лішняга. Памятайма, што «Вока Божае» на гербе Браслава сочыць за намі

2 чэрвеня – Дзень здаровага харчавання.

Адзначаецца ад 2011 году. У гэты дзень прапануецца адмовіцца ад празмернасці ўжывання ежы. Яго пазіцыянуюць, як процівагу амерыканскаму «нацыянальнаму дню, калі можна есці ўсё, што хочацца».

Здароўе чалавечага арганізма на 74% залежыць ад таго, што ямо.

На планеце 44% жыхароў у выбары харчоў кіруюцца меркаваннямі здароўя. 66% выбіраюць прадукты зыходзячы з кошту.

Найбольш папулярнымі ў свеце з’яўляюцца макароны, мяса і рыс.

by.diet-keto.eu


2 чэрвеня 1792 года кароль Станіслаў Панятоўскі надаў герб Браславу «Вока Божае».

«Вока Божае» на гербе Браслава ў сімвалічнай форме перадае Божую апеку над горадам, захоўвае яго ад усіх бед. Выява чалавечага вока шырока выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання алтароў у храмах і на прадметах культавага прызначэння.

У хрысціянскай іканаграфіі вока ў цэнтры сонечных прамянёў або ў трохвугольніку з’яўляецца агульнавядомым сімвалам чароўнай сілы або ж Тройцы.

Цяперашні герб зацверджаны 20 студзеня 2006 году. У краязнаўчым музеі Браслава сабраны мноства дакументаў з выявай гарадскога сімвала. Больш чым за два стагоддзі існавання ізаграфія герба практычна заставалася нязменнай. Герб Браслава адносіцца да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.

wikimedia.org


2 чэрвеня 1905 года нарадзіўся Юрка Віцьбіч (сапраўднае імя – Серафім Шчарбакоў). Памёр у 1975 годзе.

Вядомы пад псеўданімамі Юрка Стукаліч, Алесь Крыжаніч.

Беларускі пісьменнік, дзеяч беларускай эміграцыі. У студзені 1941 арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Пад час вайны – член Цэнтральнага ўрада Беларускага культурнага згуртавання.

У 1944 годзе выдаў зборнікі публіцыстыкі «Вяліскія паўстанцы. Гэньдзікаўскія змагары», «Нацыянальныя Сьвятыні». Рэдагаваў часопіс «Узвышша».

У 1943 г. перавёз з Віцебску ў Полацк парэшткі Еўфрасінні Полацкай. Спрыяў аднаўленню Полацкай праваслаўнай епархіі. З 1944 г. – у эміграцыі.

У 1946 г. разам з паэткай Наталляй Арсенневай стварыў літаратурнае абʼяднанне «Шыпшына». Рэдагаваў беларускія газеты, выступаў на Радыё «Свабода». Аўтар гістарычных нарысаў «Плыве з-пад Святой гары Нёман».

Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.

ic.pics.livejournal.com


2 чэрвеня 1942 года нарадзіўся Эдуард Малафееў.

Футбаліст, беларускі трэнер па футболу, гулец зборнай СССР, Заслужаны трэнер БССР і СССР.

Гуляў у 1963-1974 за мінскае «Дынама» (забіў 114 галоў). Ад 1963 да 1968 году – быў у зборнай камандзе СССР. Срэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы 1964.

stuki-druki.com


2 чэрвеня 1955 года прынята Пастанова Савету Міністраў «Аб новым палігоне для Міністэрства абароны СССР« – Байканура. Будаўніцтва касмадрома ішло ў пустыннай казахскай мясцовасці ў рэжыме сакрэтнасці.

З Байкануру ляталі ў космас і пяць беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, уключая і першую жанчыну-касманаўта Валянціну Церашкову (бацька Церашкоў Уладзімір родам з вёскі Выйлава Бялыніцкага раёну, загінуў на фінскай вайне; маці Церашкова Алена родам з вёскі Ерамееўшчына Дубровенскага раёну).

advantour.com


2 чэрвеня 1970 года нарадзіўся Віталь Шкраба, прафесійны беларускі баксёр, двухразовы чэмпіён Беларусі ў суперцяжкай вазе (97 кілаграм). (1970-2008) Праводзіў баі з многімі вядомымі баксёрамі. Сярод іх былі Мікалай Валуеў і Мікалай Папоў.

17 ліпеня 2008 года знойдзены мёртвым з нажом у грудзях у сваёй кватэры ў Салігорску, Версія следства – самагубства.

wikimedia.org


2 чэрвеня 1972 года нарадзілася Кацярына Карстэн (дзявочае – Хадатовіч).

Беларуская вяслярка ў акадэмічным веславанні. Першая двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў алімпійскай камандзе Беларусі (1996, 2000); шасціразовая чэмпіёнка свету. Заслужаны майстар спорту СССР (1992). Першы поўны кавалер ордэна Айчыны (2008). Жыве ў Нямеччыне.

nastgaz.by