У Шклоўскім касцёле святых Пятра і Паўла разгорнутая выстава вядомых цудадзейных абразоў Беларусі, якія шануюцца каталікамі. Мясцовая святыня першая на Магілёўшчыне, якая прымае іх у вандроўцы па Беларусі. Абразы прабудуць у Шклове да 28 мая.
Па словах шклоўскага краязнаўцы і актывіста мясцовай каталіцкай парафіі Аляксандра Грудзіны ў касцёле святых Пятра і Паўла абразы Маці Божай прабудуць тыдзень, а затым іх можна будзе пабачыць у касцёл святога Антонія, што ў Магілёве.
Аляксандр Грудзіна дадае, што ў Шклоўскім касцёле 26 мая ўпершыню за амаль сто гадоў адбудзецца канцэрт арганнай музыкі.
Ён кажа, што незвычайная пілігрымка цудадзейных абразоў Беларусі распачалася ў лютым 2021 года. Яе задумалі, бо з-за пандэміі ковіду вернікі былі пазбаўленыя штогадовых вандровак да святых мясцінаў.
Выявы маці Божай з Баруноў, Браслава, Брэста, Будслава, Бялыніч, Гродна, Гудагаю, Лагішына, Мінска і Тракелі, створаныя мастачкай Ядвігай Сянько пабывалі ў многіх мясцінах Беларусі, каб абараніць яе ад пошасці. Ля абразоў вернікі маліліся аб спакоі і міры ў краіне і аб спыненні пандэміі.