Цікавасць да страшнага ў дзяцей была заўсёды – падкрэсліваюць псіхолагі – і гэтую цікавасць зараз паспяхова выкарыстоўваюць у маркетынгу.
Камісія з ліку экспертаў у галіне псіхалогіі і юрыспрудэнцыі правяла комплекснае даследаванне цацкі Хагі Вагі і ўстанавіла, што яна фармуе ў сабе выяву агрэсіі, жорсткасці, драпежнага і бязлітаснага зла – сцвярджае на сваіх старонках “Веснік Чэрыкаўшчыны”, не прыводзячы пры гэтым ніякіх звестак, што гэта за камісія і дзе яна функцыянуе.
Гульня з такой цацкай можа аказаць негатыўнае ўздзеянне на псіхічнае здароўе дзяцей і прывесці да паталагічных праблем – безапеляцыйна заяўляе рэдакцыя раённай газеты ў сваім ананімным матэрыяле.
Мілы і страшны монстр
Папулярнасць цацак з персанажам гульні Poppy Playtime 16 + Хагі Вагі выклікала супярэчлівую рэакцыю ў грамадстве. Цацка мае даволі незвычайную знешнасць, якая, на першы погляд, здаецца дзівакаватай і пацешнай. Але адначасова адзначаецца, што гэты “ўсмешлівы аматар абдымкаў” забівае, а чырвоны абадок на твары вакол шматлікіх зубоў – сімвал крыві яго ахвяр паводле сюжэту гульні.
Але ці можа быць небяспечнай для дзіцячай псіхікі сама цацка? Расійская ўрач-псіхіятр Цэнтральнай клінічнай псіхіятрычнай бальніцы імя Ф.А. Усольцава Наталля Васеніна, напрыклад, у інтэрв’ю “Мосленце” заўважае:
– Страшныя цацкі – гэта адрыў ад стрэсавай рэальнасці. Бо дзецям увесь час даводзіцца адаптавацца да новых умоў: садок, школа, змена асяроддзя, і гэта ўсё можна назваць нестабільным фонам, які, у сваю чаргу, прыводзіць да стрэсу. У большасці выпадкаў пакупкі такіх персанажаў – гэта даніна модзе. Цацкі даюць магчымасць памарыць, менавіта гэта дае цікавасць.
Уплыў на псіхіку дзіцяці можа быць розным – адзначае псіхіятр, і падкрэслівае, што бацькам неабходна больш часу праводзіць з дзецьмі, тлумачыць ім, чым адрозніваецца гульня ад рэальнасці.
Украінская педагог Алена Пратасава ў сваім інтэрв’ю выданню vikna.tv адзначае, што гульні на выжыванне Poppy Playtime на абшарах YouTube прысвечана шмат кантэнту, таму можна сустрэць мноства жудасных ролікаў. Менавіта гэта выклікае такую у педагога. Паколькі відэа і сама гульня знаходзяцца ў адкрытым доступе, дзіця, убачыўшы імя ці фота каханай цацкі, можа лёгка прагледзець жудасны кантэнт. Пагэтаму адказнасць бацькоў заключаецца ў тым, каб кантраляваць паводзіны дзіцёнка ў глабальным сеціве.
Адразу восем дзетак намалявалі Хагі Вагі на конкурсе
А вось эстонская настаўніца малявання Марыя Самбуранка (на фота) на традыцыйным конкурсе Нарвскай Цэнтральнай бібліятэкі па маляванні любімых кніжных персанажаў дазволіла маляваць Хагі Вагі – пра гэта папрасілі адразу восем дзетак, піша gazeta.ee.
– Магчыма, нехта назаве мяне настаўнікам, які заахвочвае цікавасць да жорсткіх гульняў. – адзначыла Марыя – Але я аддаю перавагу таму, каб на маіх уроках дзеці працавалі з захапленнем. Таму і дазволіла.
Вядома, усе дзеткі розныя, і не выключана, што кагосьці такія персанажы могуць справакаваць на агрэсію, а кагосьці – і напалохаць адзначыла, таксама, настаўніца Ці значыць гэта, што трэба ўвесці ў інтэрнэце цэнзуру?
– Забаронены плод можа апынуцца яшчэ саладзейшым, а дзеці зараз вынаходлівыя. – адказвае настаўніца.
На яе думку, калі забараніць дзіцяці цікавіцца страшнымі, але вельмі моднымі цацкамі даволі складана, то цалкам можна зрабіць гэтую цікавасць падставай для праявы творчай фантазіі, для разважанняў аб прыродзе дабра і зла.
Цацкі самі па сабе не могуць нашкодзіць – псіхолаг
У інтэрв’ю таму ж выданню нарвскі псіхолаг Наталля Скварцова выказалася, што страшныя цацкі самі па сабе дзіцячай псіхіцы пашкодзіць не могуць.
– Цікавасць да страшнага ў дзяцей была заўсёды, і гэтую цікавасць зараз паспяхова выкарыстоўваюць у маркетынгу. Таму папулярнасць гэтых цацак не з’яўляецца чымсьці злавесным, але і бяскрыўднай я б яе таксама не назвала – лічыць псіхолаг.
Калі дзіця просіць цацку таму, што яна трэндавая і ўсе яе жадаюць, то ён паступае гэтак жа, як многія дарослыя, якія купляюць сабе новыя айфоны, каб выглядаць круцейшымі. Так лёгка можна зрабіць першы крок да выхавання спажыўца, залежнага ад умелай рэкламы.
Акрамя таго, калі дзіця абвыкае ганарыцца не сваімі ўласнымі дасягненнямі ў спорце, вучобе і гэтак далей, а тым, што валодае даражэйшымі і трэндавымі рэчамі, у будучыні гэта можа прывесці да комплексаў і сталай незадаволенасці сабой.
Як жа бацькам усяму гэтаму супрацьстаяць? Па меркаванні псіхолага, забароны і натацыі не дапамогуць.
– Парады самыя простыя: калі бацькі хочуць, каб дзіця гуляла, прагульвалася, чытала, займалася спортам, яны і самі не павінны гадзінамі завісаць у інтэрнэце ці сацсетках. Паколькі хоць самі па сабе страшныя персанажы кампутарных гульняў ці мульцікаў не могуць справакаваць агрэсіўныя паводзіны, маларухомы лад жыцця і сталае сузіранне экрана планшэта цалкам могуць негатыўна паўплываць на псіхіку дзіцяці – патлумачыла псіхолаг.