11 жніўня. Сусветны дзень здаровага сэрца (World Heart Day).
Заснаваны ў 1999 годзе Сусветнай федэрацыяй сэрца і Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.
Задуманы для інфармавання насельніцтва аб рызыках сардэчна-сасудзістых захворванняў і неабходнасці іх прафілактыкі.
1127 год. Першая згадка ў пісьмовых крыніцах пра Горадзен (Горадню, Гродна).
Згадаў пра беларускі горад аўтар Лаўрэнцьеўскага летапісу.
Найбагацейшы ў Беларусі горад на архітэктурныя помнікі. У 2014 годзе Горадня была культурнай сталіцай Беларусі.
Горад на Нёмане – буйны прамысловы цэнтр з хімічнай, харчовай, тытунёвай, лёгкай, машынабудаўнічай і дрэваапрацоўчай вытворчасцю.
Яго насяляе 357,5 тысяч чалавек.
1856 год. Нарадзіўся Уладзімір Дабравольскі.
Этнограф, краязнавец, мовазнавец.
Выкладаў у Беларускім народным універсітэце ў Маскве, у Віцебскім педагагічным інстытуце. Саратнік знанага навукоўца і даследніка беларускай культуры Яўхіма Карскага.
Дабравольскі выдаў «Смаленскі этнаграфічны зборнік», «Смаленскі абласны слоўнік» з 16 560 артыкуламі з дыялектнымі словамі руска-беларускага пагранічча.
1884 год. Нарадзіўся Міхаіл Далецкі.
Каталіцкі святар, ганаровы канонік Пінскай кафедральнай капітулы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя.
Прыхільнік беларускай мовы ў касцёле. Падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus». Расстраляны гітлераўцамі ў 1942 годзе ў Навагрудку разам з 60 вернікамі.
1954 год. Памёр Парфён Савіцкі.
Дзяржаўны дзеяч, гісторык, рэктар БДУ.
У сакавіку 1941 году на Вучоным Савеце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту прапанаваў перавесці выкладанне прадметаў на беларускую мову.
Узначальваў БДУ, калі яго эвакуявалі ў Падмаскоўе. Арганізатар аднаўлення працы па вяртанні ў беларускую сталіцу.
1965 год. Нарадзіўся Алесь Гуркоў.
Грамадска-культурны дзеяч, удзельнік незалежнага выдавецкага і маладзёжнага рухаў 1980-х гадоў, выдавец.
Арганізатар і кіраўнік нефармальнай суполкі «Світанак», адзін з заснавальнікаў і выдаўцоў у 1990 годзе газеты «Свабода», актывіст «Мартыралога Беларусі» і БНФ «Адраджэньне».
У адным з сваіх інтэрв’ю сказаў, што лепей бы на першых прэзідэнцкіх выбарах перамог Вячаслаў Кебіч і з ім трэба было дамаўляцца Зянону Пазняку.
1979 год. У авіякатастрофе загінулі 178 чалавек, уключая 14 футбалістаў узбекскага «Пахтакора», якія ляцелі ў Беларусь на гульню з мінскім «Дынама».
У небе сутыкнуліся два самалёты. Новы склад гульцоў «Пахтакора» не змог гуляць як раней: у 1982 г. – 8 месца, у 1984 г. назаўсёды пакінуў вышэйшую лігу савецкага футболу.
У публікацыі выкарыстаны звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў