З усіх названых ёй праблем удалося вырашыць толькі адну.
Як пісалі Магілёў.media, пачуўшы заклікі «аб малой радзіме і, што трэба падымаць сяло» мінчанка Ксенія Палаш з сям’ёй пераехалі ў Асіповіцкі раён, у вёску Коханаўка. Праз два гады спроб вырашыць актуальныя праблемы, яна запісала на сваім Youtube-канале відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай дапамогі. Галоўных праблем, якія назвала Ксенія Палаш, аказалася тры – іх сям’я не можа павялічыць зямельны ўчастак, у суседняй вёсцы зачыняецца дзіцячы садок, а таксама на гаспадарку немагчыма правесці высокахуткасны інтэрнэт.
Ролік Ксеніі Палаш ужо набраў каля 550 тысяч праглядаў, пра турботы сям’і паведамілі шматлікія беларускія СМІ, у тым ліку абласное тэлебачанне.
Днямі Ксенія запісала новы відэаролік, у якім агучыла афіцыйны адказ на яе зварот, што прыйшоў з магілёўскага аблвыканкама. Высветлілася, што праблема з атрыманнем яшчэ аднаго зямельнага надзела не была вырашана па віне аднаго з супрацоўнікаў “Магілёўгіпразема”, які ўжо атрымаў за гэта вымову. Цяпер сям’я Палашаў мае магчымасць павялічыць свае ўладанні што і было неабходна ім дзеля ўстойлівага развіцця гаспадаркі.
Іншыя праблемы, аднак, аказаліся невырашальнымі. Падвядзенне высокахуткаснага інтэрнэту ад “Белтэлекам” у вёску Коханаўка магчыма толькі ў вельмі далёкай перспектыве. Зараз прадпрыемства праводзіць аптавалаконныя лініі толькі да населеных пунктаў, дзе зарэгістравана больш за 100 жыхароў. Як праходзіць рэалізацыя гэтай праграмы, можна пабачыць тут, дарэчы. Пасля завяршэння гэтага працэсу, будуць падключаць вёскі з колькасцю жыхароў 50+. У Коханаўцы жыве ўсяго каля дзесяці чалавек. Падключэнне ж аднаго толькі дому Палашаў каштавала б “Белтэлекаму” 28 000 рублёў. Таму сям’і даводзіцца задавальняцца нестабільным мабільным інтэрнэтам і надалей.
У сваіх каментарыях да відэаролікаў Ксенія Палаш тлумачыць, што іх сям’я падключылася да паслуг інтэрнэт-перадачы ўсіх трох мабільных аператараў Беларусі, але якасць трансляцыі ні ў аднаго з іх не дазваляе выкарыстоўваць сістэму “Разумны дом”.
Што ж да праблем з дзіцячым садком і транспартам да яго, адказ абласнога чынавенства зафіксаваў факт ліквідацыі дзіцячага садка ў суседнім паселішчы і канстатацыю, што перыядычнасць транспарту, што ходзіць да вёскі, здавальняючая.