Беларусь і Расія падпісалі дамову пра ўзаемнае прызнанне і выкананне рашэнняў па справах аб адміністратыўных правапарушэннях.
Як паведамляе прэс-служба Міністэрства Унутраных спраў Беларусі, узаемнае прызнанне адміністратывак будзе распаўсюджвацца таксама на парушэнні ПДД, зафіксаваныя камерамі назірання. Падпісанае пагадненне прадугледжвае абмен дадзенымі пра падобныя парушэнні паміж краінамі. Дагэтуль што расіяне, што беларусы, якія ездзілі па беларускіх дарогах на аўто з расійскімі нумарамі і траплялі пад фотафіксацыю перавышэння хуткаснага рэжыму, не атрымлівалі “лістоў шчасця”.
“Не патрэбны тэхагляд. Не трэба баяцца “лістоў шчасця”. Не штрафуюць за таніроўку.” – такія плюсы нярэдка называлі аўтааматары наконт перавагаў язды на расійскіх нумарах па беларускіх дарогах на спецыялізаваных сайтах і аўтафорумах.
“Прадам аўто на расійскім уліку (хто не ведае, у чым перавага ў параўнанні з беларускім, званіце, раскажу)” – такія паведамленні можна сустрэць на сайтах аб’яў пра продаж аўто ў Беларусі. Як правіла, у якасці пераваг звычайна называюцца ўсё тыя ж неабавязковасць тэхагляду і свабода ад штрафаў.
Варта ўлічваць, што пры такіх “плюсах” расійская рэгістрацыя аўто для беларускага аўтаўладальніка мела і шэраг мінусаў. У такіх уласнікаў існуюць праблемы з выездам на тэрыторыю РФ, з законным продажам аўто на тэрыторыі Беларусі, і шэраг іншых. Таму, кожны ўладальнік выбіраў для сябе найбольш зручную яму камбінацыю, і нярэдка адсутнасць “лістоў шчасця” станавілася важкім аргументам для таго, каб працягваць ездзіць на расійскіх нумарах па беларускіх дарогах.
Цяпер жа, як вынікае з паведамлення аб узаемным прызнанні адказнасці за адміністратыўныя правапарушэнні, адна з перавагаў для аўто з расійскім улікам у Беларусі знікае – штрафы нарэшце павінны знаходзіць сваіх адрасатаў.
Фота носіць ілюстратыўны характар