Сяргей Лосеў, які прадставіўся Алегам, працуе ў адыёзным прапагандысцкім выданні і вядзе фуд-блог на ТікТок.
16 сакавіка лукашысцкія тэлеграм-каналы паказалі абрэзанае відэа, якое называецца “Магілёўскі блогер патэлефанаваў Ціханоўскай па відэасувязі”. У роліку дэманструецца фрагмент з онлайн-размовы Святланы Ціханоўскай, якую абраны прэзідэнт Беларусі праводзіла на платформе Zoom. У выкладзеным відэа бачна, што магілёвец зачытаў Ціханоўскай запрашэнне ў некалькі турмаў. Заканчэнне размовы не паказана, але яе поўны змест стаў вядомы журналістам.
Святлана Ціханоўская перыядычна праводзіць онлайн-сустрэчы ў зуме, якія называюцца “Асабістая размова”, і на якія можа патрапіць любы ахвотны. Арганізатары гэтых сустрэч падкрэсліваюць, што з іх боку не вядзецца запісаў размовы (выключэннем стаў онлайн з Рыгорам Азаронкам па згодзе абодвух бакоў), і што на кожную такую размову прыходзяць людзі, якія застаюцца ў Беларусі.
Прапагандысцкія рэсурсы паспяшаліся з лікаваннем абвясціць, што магілёўскі блогер, які дазваніўся да Ціханоўскай па відэасувязі, запрасіў яе на турыстычны маршрут па магілёўскіх турме №4, ізалятары часовага ўтрымання і калоніі №15. На відэа пры гэтым бачна, што Ціханоўская з усмешкай успрымае словы блогера, але што яна адказала прапагандысту застаецца за кадрам. Каментатары пад відэа, на канале “Вострая цёрка” (што за кантынгент, можна здагадацца) выказваюцца ў тым духу, маўляў Ціханоўская не адразу зразумела, што адбываецца. Аднак паплечнікі абранай лідаркі беларускага народу раскрылі падрабязнасці выданню “Наша ніва”.
Што не трапіла ў відэа
Данііл Гаркавы, кіраўнік аддзела знешніх сувязяў Офіса Ціханоўскай і мадэратар «Асабістых размоў» расказаў, што на Zoom запісаўся малады чалавек, які прадставіўся Алегам. Пазней ён выклаў выклаў моцна абрэзаны запіс.
– У публічную версію не ўвайшло, напрыклад, пытанне Святланы, ці складзе ён ёй кампанію падчас гэтых экскурсій па калоніях. Пасля гэтага мужчына рэзка адключыўся, так што мы так і не даведаліся адказу на гэтае пытанне. – кажа Данііл.
Таксама Гаркавы адзначае, што праўладны блогер абрэзаў пачатак размовы, дзе “Алег” казаў, што сочыць за навінамі, за візітамі, віншаваў Святлану з 8 Сакавіка. Святлана спакойна адрэагавала на гэтую сітуацыю.
– Мы проста працягнулі падключаць наступных па чарзе людзей і размаўляць з імі. Мы, у адрозненне ад лукашыстаў, не закрываемся ад людзей і нікога не адсейваем на этапе рэгістрацыі (акрамя тых, хто ўжо тэлефанаваў Святлане раней — каб даць магчымасць пагаварыць са Святланай як мага большай колькасці людзей)», — расказаў Данііл – Раней падобным чынам са Святланай размаўляў Рыгор Азаронак.
Фудблогер з прапагандысцкай газеты
Ужо з першых каментарыяў пад ролікам магілёўскага блогера, выкладзеным на канале “Вострая цёрка” становіцца зразумела, што яго пазналі пастаянныя карыстальнікі прапагандысцкага рэсурса. Гэта Сяргей Лосеў, супрацоўнік выдання “Магілёўскія ведамасці”. У той жа дзень, калі быў выкладзены запіс размовы з Ціханоўскай, ён размясціў серыю ролікаў на тэлеграм-канале “Ведамасцей” з фінала нацыянальнага адбору на “Славянскі базар”, што прайшоў у Бялынічах. На адным з запісаў можна лёгка пазнаць голас самаго аўтара.
Акрамя работы на адыёзным магілёўскім рэсурсе Сяргей Лосеў вядзе ў ТікТок свой відэаблог “естьчепоесть”, які практычна цалкам запоўнены паходамі галоўнага героя па сталовых горада Магілёва. Ёсць таксама відэа, на якім аўтар спявае разам з братам песню гурта “Дразды” – “Не прадаецца хата бацькоў”, а самы першы ролік быў прысвечаны сыходу з Магілёва сеткі хуткага харчавання McDonald’s. “Ну і што? Ну і всё, собсна.” – пафасна каментуе Сяргей Лосеў развітанне з брэндам і ідзе ў рэстаран, каб апошні раз паласавацца бургерамі.
Фота: losevTV, скрыншот