Саматканыя ручнікі – скарб сельскага клубу. Майстрыцы адыходзяць, а змены няма

Супрацоўніцы клубу сваю калекцыю збіралі шмат год і спадзяецца, што моладзь возьмецца за ткацтва, як іхныя продкі.

У вёсцы Вялікая Машчаніца, што ў Бялыніцкім раёне, сельскі клуб ратуе вялікую калекцыю ручнікоў ды прадметаў вясковага начыння, прызначэнне некаторага з іх самі калекцыянеры не разумеюць, хоць і выраслі на сяле.

zara.by

Найкаштоўнеўшаму з ручнікоў больш за сто гадоў, апавядае раённай газеце «Зара над Друццю» дырэктар клубу Святлана Буймістрава. Па яе словах збіраць калекцыю яго супрацоўнікі ўзяліся шмат год таму.

Саматканымі рэчамі, кажа яна, папаўнялі выставу, прывозячы іх з этнаграфічных экскурсіяў. Таму, ручніковая геаграфія ахоплівае не толькі Бялыніччыну, але і іншыя мясцовасці краіны.

zara.by

 Святлана Буймістрава наракае: майстрыцы, якія валодаюць навыкамі ткацтва адыходзяць, а змены ў іх няма.

«Мы стараемся прывіваць нашай моладзі любоў да творчасці, асабліва народных матываў, бо хэнд-мэйд папулярны заўсёды, – адзначае яна, – Асобныя яго віды з часам трансфармуюцца, але класіка – у трэндзе заўсёды».