самакатчыкі

Раварыстаў зноў прымусяць спешвацца на пераходах, самакатчыкаў прыраўняюць да кіроўцаў

Вайна з раварыстамі ў Беларусі працягваецца – ім зноўку збіраюцца забараніць праяжджаць па пешаходных пераходах на сваіх транспартных сродках. Усіх удзельнікаў руху – ці то на самакатах, ці то на монакалёсах – плануецца прыраўняць да кіроўцаў. 

У Беларусі падрыхтаваны праект указу па ўнясенні змен у Правілы дарожнага руху. Бліжэйшымі днямі ён павінен з’явіцца на Нацыянальным прававым партале – піша БелТА са слоў начальніка галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў Віктара Ротчанкава.

Згодна з праектам указа, калі раней асобы, якія перамяшчаліся на сродках персанальнай мабільнасці, былі пешаходамі, то зараз іх плануецца прыраўняць да вадзіцеляў.

“Унесена новае вызначэнне сродку персанальнай мабільнасці. Гэта будзе транспартны сродак. Асноўная тэхнічная характарыстыка – абмежаванне хуткасці 25 км/г.” – сказаў Віктар Ротчанкаў – “Усе транспартныя сродкі, якія па сваіх тэхнічных характарыстыках будуць перамяшчацца з хуткасцю больш як 25 км/г, будуць з’яўляцца механічнымі транспартнымі сродкамі, якія падлягаюць рэгістрацыі і праходжанню астатніх працэдур для ўдзелу ў дарожным руху.

Паколькі сродак персанальнай мабільнасці ў праекце ўказа прадугледжваецца як транспартны сродак, адпаведна, асоба, якая на ім перамяшчаецца, будзе з’яўляцца вадзіцелем. 

Паводле новага праекта змен у ПДР, і веласіпедзісты, і самакатчыкі зноў павінны будуць спешвацца на пешаходных пераходах. Па словах начальніка Галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС, застаецца дазвол не спешвацца толькі на велапераездзе, які абсталяваны транспартным святлафорам, які рэгулюе рух веласіпедыстаў.

Фота ілюстрацыйнае