У Кіеве разбіраюць руіны дамоў, у якія трапілі ракеты расійскіх войск. Атака адбылася 26 чэрвеня пасля 5 гадзінаў раніцы.
Пад ударам апынуліся шматпавярховыя будынкі ў Шаўчэнкаўскім раёне ўкраінскай сталіцы. Адна з ракет ударыла па дзіцячым садку.
На месцы атакаваных дамоў працуюць выратавальнікі і медыкі. Выратавальнікі кажуць, што паводле папярэдніх дадзеных 1 чалавек загінуў.
Па словах мэра гораду Віталія Клічко частка жыхароў эвакуявана.
«Цяпер пацярпелым аказваецца дапамога, – кажа ён, – Тыя хто ў больніцы, у здавальняльным стане. Урачы кажуць, што крытычнай пагрозы жыццю няма. Мы чуем, што пад заваламі ёсць людзі. Яны жывыя».
Як паведаміў дарадца кіраўніка МУС Антон Герашчанка, з-пад руінаў разбуранага дому дасталі 7-гадовую дзяўчынку. Затым без прыкметаў жыцця цела мужчыны. Меркавана, што гэта бацька дзяўчынкі, паведамляе тэлеграм-канал інфармацыйнага агенцтва «УНІАН».
З-пад завалаў дасталі жывой грамадзянку Расіі. Яе дачку таксама жывой адшукалі ў руінах, а муж загінуў.
Пакуль, вядома пра 5 чалавек, якія пацярпелі ў выніку атакі. Яны шпіталізаваныя.
Сённяшнія абстрэлы Кіева – гэта сігнал саміту G7 – адзначае экс-прэм’ер Швецыі Карл Більт, словы якога падае тэлеграм-канал “УНІАН”.
«Цяжка расцэньваць сённяшнія ракетныя ўдары па жылых кварталах Кіева інакш, як наўмысную эскалацыю», — кажа ён.
Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман называе напад расійскіх войск на сталіцу Ўкраіны дэманстратыўным і варварскім.
«Варварскі ракетны ўдар па Кіеву (пападанне ў шматпавярховік і ў дзіцячы сад) нанесены намерана і дэманстратыўна на пачатку саміту краінаў «вялікай сямёркі» у Баварыі, які будзе абмяркоўваць далейшую дапамогу Украіне».
Тым часам, у горадзе Сарна, Ровеньскай вобласці, які быў атакаваны расіянамі напярэдадні, колькасць загінулых вырасла да 4 чалавек. З-пад руінаў дасталі мужчыну ва ўзросце ад 30-51 год. Яшчэ два чалавекі знаходзяцца ў цяжкім стане, паведамляе тэлеграм-канал «УНІАН».
Пасля 11 гадзінаў тэлеграм-канал @Hajun_by са спасылкай на паведамленні беларусаў піша, што ў Слуцку, Салігорску, Мсціславе, Жлобіне і пад іншымі гарадамі чуюцца пралёты самалётаў. З Мазыра, сцвярджае канал, у бок Украіны запусцілі чарговыя ракеты. Адна з іх, нібыта, паляцела ў бок гораду Карасцен, які ў Жытомірскай вобласці Ўкраіны.
У другой палове дня кіраўнік Чаркаскай абласной ваеннай адміністрацыі Ігар Табурэц паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што Чаркасы атакаваныя ракетамі. У горадзе чуваць выбухі.
Па ягоных словах адзін чалавек загінуў, пяцёра параненыя. Пашкоджаная гарадская інфраструктура.
Медыі сцвярджаюць, што ракеты запускаліся са стратэгічных бамбавікоў з тэрыторыі Беларусі. Афіцыйнага пацверджання гэтаму няма. Выданні спасылаюцца на паведамленні тэлеграм-каналу Hajun_BY, у якіх заяўлялася, што над Бабруйскам, нібыта, ляцелі тры самалёты на поўдзень.
Спікер камандавання Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат абверг абвінавачванні, што з тэрыторыі Беларусі расійская авіяцыя атакавала Кіеў.
Вайсковец настойвае, што стралялі па сталіцы Ўкраіны з Балтыйскага мора. Па ягоных словах ракеты могуць ляцець да 5, 5 тысяч кіламетраў.
Пра тое ён сказаў у эфіры адзінага тэлемарафону на канале 1+1.
Стратэгічныя бамбавікі ўзлятаюць з Астрахані, а ракета Х101 здольная ляцець на адлегласць да 5,5 тыс. кіламетраў, тлумачыць вайсковец.
фота: t.me/uniannet