Праблемны гадзіннік на Тэатральнай плошчы ў Магілёве зноў рамантуюць

Новы гадзіннікавы механізм паставілі на будынку каля магілёўскага драмтэатра ўсяго два гады таму, але ён пастаянна ламаецца.

“З магілёўскага Біг-Бена знялі стрэлкі. Праўда, ненадоўга” – паведамляе тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад!”, які фінансуецца за кошт гарадскога бюджэта. У кароткім інфармацыйным роліку інжынер камунальнага прадпрыемства “Горсвятло” Алег Марчанка прызнае, што жыхары Магілёва скардзяцца на тое, што гадзіннік на Тэатральнай плошчы не працуе. Каб супакоіць грамадзян, ён заяўляе, што спецыялісты яго арганізацыі праводзяць на гадзінніку планавы рамонт і да 9 мая зноў запусцяць механізм.

Тэатральная плошча

З выказвання Алега Марчанкі вынікае, што спыненне гадзінніка звязана з рамонтам. Гэта выглядае на хітрыкі, бо як вядома па шматлікіх сведчаннях гараджан і назіранням карэспандэнтаў mogilev.media, гадзіннік на Тэатральнай плошчы перыядычна ламаецца і можа не працаваць тыднямі, калі не месяцамі.

Пры гэтым механізм гадзінніка цалкам новы. У студзені 2023 года яго на працягу трох тыдняў стварала брыгада з пятнаццаці чалавек – пісалі mogilev.media. У першыя ж дні працы гэты механізм пестаянна даваў збоі, то спазняўся, то на ім адключалася падсветка. Як можна пабачыць на роліку тэлеграм-канала “Магілёў – мой горад!”, не працуе падсветка і зараз.

Механізм гадзінніка на Тэатральнай плошчы ўжо перажываў у сваёй гісторыі перыяды пастаянных паломак. Так адбывалася да пачатку 1990-х гадоў, пакуль магілёўскі гадзіннікавы майстар Генадзь Галоўчык не зрабіў цалкам новы механізм, сабраўшы яго з металалому. Гэтую гісторыю ён расказвае, напрыклад, вось тут: 

За трыццаць гадоў працы гадзінніка гарадскому бюджэту яго абслугоўванне абыходзілася ў 50$ у месяц – менавіта столькі атрымліваў Галоўчык, пры тым, што гадзіннік ён цалкам абслугоўваў адзін. Пакуль не быў звольнены з пасады гарадскога гадзіннікавага майстра ў 2022 годзе.

Фота: “Магілёў – мой горад”