Ноччу Кіеў атакавала рэкордная колькасць дронаў

Ноччу Кіеў атакавала рэкордная колькасць дронаў, украінцы збілі 52 з 54-х

Два чалавекі загінулі, некалькі паранена – вынік беспрэцэдэнтна масавай начной атакі беспілотнікамі-камікадзэ на сталіцу Украіны напярэдадні Дня горада.

 У ноч на 28 траўня расійскія акупанты атакавалі Украіну іранскімі ўдарнымі дронамі Shahed-136/131 з паўночнага кірунку – з Бранскай вобласці, і з паўднёвага – з Краснадарскага краю. Пра гэта паведамілі ў Паветраных сілах Збройных сіл Украіны. “У цэлым зафіксаваны пускі рэкорднай колькасці дронаў-камікадзэ – 54” – адзначылі там.

Чарговы начны напад вораг накіраваў на ваенныя аб’екты і аб’екты крытычнай інфраструктуры краіны ў цэнтральных рэгіёнах, у прыватнасці на Кіеўскую вобласць. “Тут, у зоне адказнасці паветранага камандавання “Цэнтр”, знішчана большасць ударных дронаў” – удакладнілі ў ЗСУ.

Кіеўская абласная ваенная адміністрацыя і мэр горада Віталь Клічко паведамілі пра гібель двух чалавек – у Галасееўскім і Саломенскім раёнах, перадае Unian. Некалькі чалавек паранена.

Заяўляецца, што з 54-ох запушчаных дронаў украінскія вайскоўцы збілі 52.

Сёння, 28 мая Кіеў адзначае Дзень горада.

Фота: Unian