У цэлым на бягучым працоўным тыдні ў Магілёўскай вобласці захаваецца адносна цёплае для лютага і камфортнае па тэмпературах надвор’е – абяцаюць сіноптыкі.
У аўторак, 7 лютага, прагназуецца ўдзень да -3°С, уночы да -10 -13°С, неба будзе пахмурным, магчыма месцамі праясненне, пройдзе невялікі снег. Вецер паўднёва-усходні, хуткасцю да 3, месцамі да 5 м/с. На дарогах галаледзіца.
Рыгор (народны каляндар). Народныя прыкметы:
Якое надвор’е з раніцы да поўдня, такое будзе і ў першую палову наступнай зімы.
Якое надвор’е з апоўдня да вечара – такое яно будзе ў другую палову наступнай зімы.
Ужо звініць першая крапель з дахаў дамоў нават пры марозе.
Серада, 8 лютага абяцае быць пахмурнай з магчымымі праясненнямі, з невялікім снегам. Днём прагназуецца невялікі мароз -3 -4°, ноччу да -6°С. На дарогах захаваецца галаледзіца. На працягу дня будуць панаваць паўднёва-усходнія вятры, хуткасцю да 2 м/с, месцамі – да 5 м/с.
“Гарохавы” дзень. Па гароху варажылі на надвор’е – рассыпалі на сподак жменьку гароху. Калі ён звонка грукнуўся аб сподак – да жорсткіх маразоў, калі глуха – то хутка пойдзе снег.
Народныя прыкметы і назіранні.
Калі сініца з раніцы спявае, то зіма яшчэ прыйдзе.
Сава крычыць – холад вяшчае.
Выходзяць вонкі бабры.
Пачынаюцца вясновыя гульні ў зайцоў.
З’яўляюцца нашчадкі ў клястоў і мядзведзяў.
У чацвер, 9 лютага, удзень пацяплее, слупок тэрмометра пакажа -1°С, начныя тэмпературы складуць -7 -8°С. На працягу сутак працягнуць панаваць вятры паўднёва-усходняга напрамку, хуткасцю да 3 м/с. На дарогах захаваецца галаледзіца. Захаваецца пахмурнае надвор’е, пераважна без ападкаў.
Дзень Івана Залатавуста.
Калі пасля завеяў у снежных гурбаў грабяні закругленыя, то гэта абяцае добры ўраджай.
Калі снег на палях ляжыць хвалямі, год будзе ўраджайным.
Апошні рабочы дзень тыдня, 10 лютага, днём будзе каля -1 -2°С, уноч да -4°С, месцамі да -8°С. Пахмурна, верагоднасць выпадзення снега. Узмацніцца хуткасць ветра да 7 м/с, месцамі да 9 м/с. Вятры паўднёва-заходняга накірунку.
Яфрэм Ветранік (народны каляндар).
Вецер на Яфрэма – да вільготнага лета. Яфрэмаў вецер не да дабра.
Імяніны дамавіка. Сялянкі рыхтавалі для дамавіка кашу і запрашалі на вячэру.
Добры клёў на рэках.
Фота: mogilev.media