На малой радзіме Алеся Адамовіча пашкодзілі графіці з выяваю пісьменніка

Інцыдэнт адбыўся напярэдадні 95-гаддзя Алеся Адамовіча, якое афіцыйна адзначаецца 3 верасня.

Партрэт Алеся Адамовіча намаляваны на прыпынку грамадскага транспарту ў пасёлку Глуша. Невядомыя пашкодзілі на ім твар пісьменніка.

«У рамках акцыі «Зробім наш горад прыгажэйшым» да аднаўлення пашкоджанага аб’екта падключыліся валанцёры раённай дзіцячай школы мастацтваў. Старанна і ахайна яны аднавілі выяву пісьменніка на сценах прыпынку», піша «Вечерний Бобруйск».

media.bobruisk.ru

Арт-аб’ект з выявай Алеся Адамовіча і цытатай з яго аповесьці «Vixi» ў Глушы зʼявіўся з ініцыятывы бабруйскай суполкі «Прыпынак Адамовіча» ў 2018 годзе. Цытата з твору «Vixi» была абраная не выпадкова, бо ў гэтым творы аўтар падкрэсліваў сваю любоў да родных глушанскіх мясцін.

Увасобіў задуму актывістаў мастак Аляксандр Благій. “Прыпынак Адамовіча” стаіць на вуліцы, якую ў сярэдзіне 1990-гадоў не дазволілі назваць імем літаратара. У 2019 годзе ў Глушы адкрылі бюст Адамовіча. Ёй на той жа вуліцы, што і прыпынак з партрэтам пісьменніка.

Улады збіраліся адкрыць у Глушы музей Алеся Адамовіча. Пра яго сталі гаварыць чыноўнікі ў 2016 годзе. Пачалі былі збіраць грошы на дабрачынны рахунак. 5 тысяч долараў на музей ахвяравала нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, якая ўважае Адамовіча за свайго настаўніка.

gdb.rferl.org

Цяпер аб намеры адкрыць музей не чуваць. Будынак жа старой аптэкі, у якім яго збіраліся размясціць, працягвае разбурацца. Былі прапановы стварыць музей у пасялковым доме культуры. 3 верасня ў ім разгорнуць літаратурна-музычную экспазіцыю «Праўда жыцця Алеся Адамовіча» да 95-годдзя славутага земляка.

gdb.rferl.org

Алесь Адамовіч пахаваны на глушанскіх могілках. Яны за тры кіламетры ад пасёлку. На магіле ляжыць вялікі валун з выгравіраваным крыжам Еўфрасінні Полацкай. Побач з пісьменнікам пахаваны ягоны брат Яўген, непадалёк магіла іх маці Ганны.

Ганна Адамовіч працавала ў аптэцы. У дакументальнай аповесці «Вайна пад стрэхамі» Алесь Адамовіч у працы вясковай аптэкі перадаў атмасфэру жыцця пасялкоўцаў пад нацысцкай акупацыяй.