грабители фур

Міліцыя аспрэчвае, што іх супрацоўнік кіраваў бандай рабаўнікоў фур

У траўні гэтага года выданне “Наша ніва” выпусціла сенсацыйны матэрыял аб тым, што арганізатарам банды рабаўнікоў фур аказаўся супрацоўнік крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС Міхаіл Згірскі. Рабаўнікі займаліся абкраданнем фур, якія спыняліся на адпачынак на трасах у Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай і Гомельскай абласцях – пісалі mogilev.media. На “справу” выязджалі па начах, выкарыстоўвалі балаклавы і радыёстанцыі. Пакуль вадзіцель спаў у кабіне фуры, яны ўзломвалі замок грузавога адсека і запаўнялі свой мікрааўтобус таварам: ад тэхнікі да прадуктаў харчавання, акрамя таго, злівалі паліва з бакаў.

Цяпер жа інфармацыйныя рэсурсы Міністэрства унутраных спраў выступілі з заявай, што інфармацыя пра датычнасць Міхаіла Згірскага да арганізацыі рабаванняў не адпавядае рэчаіснасці. “Экстрэмісцкімі рэсурсамі распаўсюджваецца ілжывая інфармацыя аб удзеле супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС у здзяйсненні крадзяжоў з грузавога транспарту ў Аршанскім раёне” – піша, у прыватнасці, тэлеграм-канал “Міліцыя Магілёўшчыны”.

Паводле інфармацыі, атрыманай ад крыніц выдання “Наша ніва”, Згірскі не толькі даводзіў удзельнікам банды інфармацыю пра ход расследаванняў крымінальных спраў па здзейсненых эпізодах і прымаў удзел у планаванні рабаванняў, але і сам удзельнічаў у гэтых налётах. Кіраўніцтва МУС рашуча абвергла гэту інфармацыю і заявіла, што Згірскі быў абвінавачаны па іншай справе. 

«Супрацоўнік крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС Міхаіл Згірскі і яго саўдзельнік затрыманыя ў маі бягучага года за здзяйсненне махлярства і вымагальніцтва ў дачыненні да мінчаніна, які, на думку зламыснікаў, займаўся незаконнымі здзелкамі з крыптаваютай. Згірскі і яго саўдзельнік далі прызнальныя паказанні. Судом Нясвіжскага раёна названыя асобы прысуджаныя да пазбаўлення волі» – гаворыцца ў заяве МУС.

“Наша ніва” ў адказ на гэтую заяву заўважае: “Цікава, што канкрэктны тэрмін Згірскаму – 8 гадоў калоніі – МУС не называе. Магчыма, каб не пацвердзіць тое, што «Наша Ніва» насамрэч валодае інфармацыяй.”

Фота: МУС