29 лютага для прадпрыемстваў, зарэгістраваных у Свабоднай эканамічнай зоне “Магілёў” была праведзеная відэаканферэнцыя, на якой рэзідэнтаў СЭЗ пазнаёмілі з магчымасцямі інвестыцыйнай кампаніі Finstore па выпуску і гандлі крыптавалютнымі актывамі.
Finstore – гэта беларуская фінансавая платформа, зарэгістраваная ў Парку высокіх тэхналогій, якая аказвае паслугі па выпуску крыптавалютных актываў прадпрыемствамі рознай формы ўласнасці і па фінансавым аперацыям з гэтымі актывамі. Тэхнічна гэта выглядае так. Прадпрыемства заключае пагадненне з Finstore, праводзіць продаж сваіх токенаў. Токены пры гэтым з’яўляюцца віртуальнай валютай, усе аперацыі па якой рэгламентуюцца Дэкрэтам №8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”.
Людзям і арганізацыям, якія набываюць гэтыя токены, выплачваюцца дывідэнды падобна банкаўскім працэнтам за ўклады. Для таго, каб інвеставаць у гэтыя токены, карыстальнік павінен зарэгістравацца на платформе, набыць крыптавалюту самаго Finstore – Stable coin – і за гэтыя сродкі набываць токены прадстаўленых на пляцоўцы арганізацый.
Каму і чаму гэта выгадна?
Гэта выгадна самім прадпрыемствам, якія выпускаюць на платформе свае лічбавыя токены. Іх выпуск прыцягвае інвестараў – за токены людзі плацяць фіатнай, гэта значыць звычайнай валютай. Прычым токены можна выпускаць у розных валютах – у беларускіх ці расійскіх рублях, у доларах і еўра.
Гэта выгадна спажыўцам, якія займаюцца біржавымі здзелкамі. Працэнты за токены звычайна вышэй, чым па банкаўскіх укладах. Так, некаторыя прадстаўленыя на Finstore прадпрыемствы прапануюць і 20% і нават 22% гадавых. Акрамя таго, даходы ад гандлю крыптавалютнымі актывамі на платформах, зарэгістраваных у беларускім Парку высокіх тэхналогій, не абкладаюцца падаткамі.
Па-сутнасці, Finstore – гэта тая ж біржа, толькі гандлюе яна не акцыямі, а віртуальнай валютай, з усімі асаблівасцямі, якія з гэтага вынікаюць.
У чым рызыка?
Для прадпрыемстваў рызыка мінімальная, калі не ўлічваць магчымасць узлому платформы крыптамахлярамі і іншыя форс-мажорныя выпадкі. Кампаніі, што выпускаюць токены, рызыкуюць толькі марна згубіць час, калі на іх прапанову не знойдуцца інвестары.
А вось для ўкладчыкаў шанцы згубіць свае зберажэнні цалкам рэальныя. Мы пачыталі водгукі інвестараў і можам адзначыць, што выпадкі невыплаты працэнтаў па дывідэндах, і нават невяртання асноўнай сумы інвестыцый на гэтай беларускай платформе сустракаюцца. Так, двое інвестараў Finstore расказалі выданню “Фінансы ў Беларусі”, што з-за дэфолтных сітуацый гублялі каля 30% сваіх інвестыцый.
– Я атрымаў прыбытак у 40 у.е.,а згубіў 120 – распавёў яшчэ адзін інвестар, карыстальнік сайта koder.by.
Зрэшты, пра магчымыя страты папярэджвае і сама платформа ў раздзеле “Паведамленне аб рызыках” – падкрэсліваючы, што токены не забяспечваюцца дзяржавай, а набыццё крыптавалюты можа абярнуцца поўнай стратай грашовых сродкаў для ўкладчыка.
Такім чынам, магілёўскім рэзідэнтам СЭЗ прапанавалі ўступіць у кола арганізацый, якія прысутнічаюць на крыптавалютнай біржы. Будзе цікава прасачыць за рэалізацыяй гэтай прапановы. У карыстальнікаў з усяго свету з’явіцца магчымасць набыць электронныя токены магілёўскага “Ліфтмашу” альбо “Ольсы”, а там, глядзіш, і да NFT дарасцем.
Фота: СБ