Паводле праваабаронцаў, магілёўскі актывіст Валадар Цурпанаў 19 студзеня вызваліўся пасля двух гадоў зняволення. Ён адбыў увесь тэрмін да канца.
Нагадаем, аднаго з лідэраў пратэстаў 2020 года ў Магілёве Валадара Цурпанава 5 чэрвеня 2021 года суд Круглянскага раёна прыгаварыў да 2 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за ўхіленне ад адбывання пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу.
Падставай для крымінальнай справы супраць актывіста, якога да гэтага асудзілі на тры гады “хіміі”, стала нібыта парушэнне правілаў унутранага распарадку ў ведамстве. Так, на Цурпанава накладвалі дысцыплінарныя спагнанні за тое, што ён у «недазволены час ляжаў і сядзеў на ложку, яго спальнае месца не было заслана належным чынам, а на ім і на тумбачцы ляжалі асабістыя рэчы».
Першапачаткова Цурпанаў адбываў пакаранне ў калоніі №3 “Віцьба”. У красавіку 2022 года яму замянілі калонію на турму і адправілі адбываць пакаранне ў Гродне.
Фота з адкрытых крыніц.