Абмежаванні ў продажы алкагольных напояў на «Дзень ведаў» чыноўнікі тлумачаць прапагандай здаровага ладу жыцця і прафілактыкай п’янства.
Набыць алкаголь дазволена для рытуальных абрадаў, вясельных і юбілейных урачыстасцяў, а таксама на абʼектах грамадскага харчавання ў разліў.
У Бялыніцкім і Слаўгарадскім раёнах абмежаванні продажу алкаголю будуць трываць 1 верасня да 24.00. Так пастанавілі мясцовыя райвыканкамы.
Антыалкагольную акцыю «Дзень цвярозасці» тлумачаць неабходнасцю правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду здаровага ладу жыцця, прафілактыку пʼянства і алкагалізму ды барацьбу з імі.
Тым часам, у суседніх раёнах набыць спіртовыя напоі можна без абмежаванняў.
Як удалося высветліць, толькі ў Бялыніцкім і Слаўгарадскім раёнах наважыліся на «Дзень ведаў» праводзіць «Дзень цвярозасці». Антыалкагольныя акцыі 1 верасня арганізавалі і ў шэрагу іншых раёнаў краіны, піша рэсурс «Близкие новости».
«Узровень п’янства тут не пры чым. Праводзілася рэспубліканская акцыя «Дзень цвярозасці». Гэтым разам раёнам далі свабоду выбару, вось яны яшчэ ўвесну ці напачатку лета і выбралі тыя даты, якія ім падаліся лагічнымі» – тлумачыць прычыну такога разнабою былы магілёўскі чыноўнік.