З нагоды Міжнароднага жаночага дня ўпершыню ў гісторыі ўведзены санкцыі за сексуальны гвалт над жанчынамі. Пакараны расійскія вайскоўцы і паліцэйскія за гвалт ва Украіне і Маскве, міністры “Талібана”, грамадзяне Судана і іншых краін.
Еўрапейскі Саюз папоўніў свае санкцыі. У спіс, які складзены напярэдадні Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка, увайшлі дзевяць чалавек, у тым ліку двое расійскіх ваенных камандзіраў, і тры арганізацыі, якія ЕС палічыла адказнымі за сексуальны гвалт і парушэнне правоў жанчын.
Еўрапейскі Саюз упершыню наклаў санкцыі, накіраваныя на тых, хто займаецца сексуальным гвалтам, паведамляе Euronews. Яшчэ ў снежні 2020 года краіны ЕС пагадзіліся на распаўсюджванне рэжыму санкцый на правы чалавека, але цяпер ён упершыню прымяняецца за сексуальны гвалт.
Патрапілі ў спіс санкцый расійскі генерал-маёр Мікалай Кузняцоў і палкоўнік Раміль Ібатулін, якія ваявалі ва Украіне. Падначаленыя іх падраздзяленняў сістэматычна здзяйснялі акты сексуальнага гвалту і згвалтаванні ва Украіне ў сакавіку-красавіку 2022 г. Існуюць дадзеныя, што пад іх камандаваннем у сакавіку і красавіку мінулага года атрады расійскіх узброеных сіл сістэматычна здзяйснялі “акты сексуальнага гвалту” супраць грамадзянскага насельніцтва Украіны. Гэтыя дзеянні ў тым ліку ўключалі згвалтаванне цяжарнай жанчыны каля Кіева і групавыя згвалтаванні.
“Мы таксама глыбока занепакоеныя паведамленнямі, што расейскія ўзброеныя сілы выкарыстоўваюць сексуальны гвалт над жанчынамі і дзецьмі ва Украіне як зброю вайны. – заявіла Еўрапейская камісія – Гэтыя дзеянні – ваенныя злачынствы, і злачынцы павінны несці адказнасць”.
Акрамя таго, ЕС унесла ў чорны спіс двух маскоўскіх супрацоўнікаў паліцыі, у тым ліку Аляксандра Федорынава. Іх абвінавачваюць у адвольным арышце і катаваннях расіянак, якія пратэставалі супраць уварвання ва Ўкраіну. У выпадку з паліцэйскім Іванам Рабавым, “пацярпелыя паведамляюць, што ён збіў іх, душыў іх пластыкавымі пакетамі і абражаў іх фізічна і вусна на працягу шасці гадзін” – кажа Савет ЕС.
У дадатак да чатырох грамадзян Расіі, у спіс патрапілі два міністры талібаў за абмежаванне правоў афганскіх жанчын і дзяўчат. Санкцыі таксама ўводзяцца ў дачыненні да двух чыноўнікаў з Паўднёвага Судана, турмы Карчак у Іране, рэспубліканскай гвардыі Сірыі, а таксама намесніка міністра ваеннай хунты ў М’янме.
Санкцыі цягнуць замарожванне актываў, размешчаных дзе-небудзь у Еўрапейскім Саюзе, забарону на ўезд на тэрыторыю ЕС і забарону на прадстаўленне паслуг.
“Мы адпраўляем злачынцам выразны сігнал, што іх злачынствы не сыдуць з імі” – заявіў міністр замежных спраў Нідэрландаў Вопка Хукстра. “Гэтыя жудасныя, нечалавечыя дзеянні будуць мець наступствы”.
Гэты крок аднагалосна прыняты 27 дзяржавамі-членамі і прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню, які адзначаецца 8 сакавіка.
Фота з адкрытых крыніц.