Дзень у гісторыі. Утварэнне Рэчы Паспалітай і Таварыства беларускай школы. Візіт у Беларусь прэзідэнта ЗША Рычарда Ніксана. Гадавіна дэнамінацыі

1 ліпеня 1569 года ўтворана Рэч Паспалітая – федэратыўнае аб’яднанне дзвюх дзяржаў: Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага.

Зацверджана на агульным сойме Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага. У беларускай гістарыяграфіі падзея вядомая, як Люблінская ўнія.

Акт Люблінскай уніі быў аформлены ў выглядзе прывілею-дамовы, зацверджанага пастановай Люблінскага сейма. 

Тэкст акту быў падрыхтаваны ў двух экзэмплярах. Адзін замацаваны пячаткамі польскіх феадалаў, другі – пячаткамі феадалаў Княства. Пасля падпісання бакі памяняліся актамі.

Унія была заключана, калі Вялікае Княства Літоўскае знаходзілася ў цяжкім становішчы, абумоўленага Лівонскай вайной. Маскоўская дзяржава тады прэтэндавала на ўсходнія землі краіны.

wikimedia.org


1 ліпеня 1751 года ў Францыі пабачыў свет першы том першай у свеце «Энцыклапедыі».

Ініцыятар выдання кнігавыдавец Луі Брэтон, кіраўнік праекта – Дэні Дзідро (прысвяціў «Энцыклапедыі» 25 гадоў жыцця).

Асноўны корпус «Энцыклапедыі» склалі 35 тамоў: 17 тамоў тэксту (60 тысяч артыкулаў) і 11 тамоў ілюстрацый да тэксту.

Першая ўніверсальная «Беларуская савецкая энцыклапедыя» выдавалася ў 1969–1975 гадах, а 18-томавая «Беларуская энцыклапедыя» у 1996–2004 гадах.

yams.kufar.by


1 ліпеня 1812 года ўтвораны Часовы ўрад Вялікага Княства Літоўскага.

Паўстаў з падтрымкі французскага войска. Дзейнічаў да канца 1812 году.

Палітычная арганізацыя і адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне занятых французскім войскам тэрыторыяў уніфікавалася па аналогіі з дзяржаўным ладам напалеонаўскае імперыі.

Часоваму ўраду падпарадкоўваліся цэнтральныя, рэгіянальныя і мясцовыя органы грамадзянскай адміністрацыі. Была арганізавана структура муніцыпальнага (гарадскога) самакіравання, сістэма вайскова-адміністрацыйнага кіравання.

Напалеон не аднавіў польскую дзяржаўнасць у былых польска-літоўскіх землях. Ён паставіў на заваяваных тэрыторыях часавую адміністрацыю, тым самым адклаўшы прыняцце канчатковага рашэння да поўнай перамогі над Расіяй.

novychas.online


1 ліпеня 1921 года зацверджаны статут Таварыства беларускай школы.

Падзея адбылася ў Вільні.

Таварыства адкрывала і ўтрымлівала народныя школы і дамы, курсы, настаўніцкія семінары, чытальні-бібліятэкі, выдавала часопісы, падручнікі і іншую літаратуру, займалася канцэртнай дзейнасцю.

Выступала супраць паланізацыі, сацыяльнага прыгнёту, абуджала нацыянальную свядомасць беларусаў.

У найноўшай гісторыі Таварыства беларускай мовы было адноўлена ў 1996 годзе як грамадскае аб’яднанне. Дзейнічала да 2021 года.

wikimedia.org


1 ліпеня 1927 года нарадзілася Зора Кіпель.

Беларуская грамадская дзяячка беларускай эміграцыі ў ЗША. Літаратуразнаўца, публіцыстка.

У 1936-1941 гадах жыла ў Крычаве. Скончыла Беларускую гімназію імя Я. Купалы. Універсітэты ў Рэгенсбургу, Цюбінгенскі, Лювенскі, Ратгерскі.

Адна з ініцыятараў увядзення камп’ютарнай каталагізацыі ў бібліятэчнай сістэме ЗША.

Рэдактар газеты «Беларус», член Рады БНР, аўтар «Бібліяграфія беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе», твораў па гісторыі Беларусі, літаратуры, асвеце.

radabnr.org


1 ліпеня 1941 года пачалося фармаванне магілёўскага народнага апалчэння. Доўжылася да 12 ліпеня.

Створана з асобаў не прызыўнога ўзросту пад кіраўніцтвам ваеннага камісара вобласці І. Ваяводзіна ў складзе палка і 14 батальёнаў – 12 тысяч чалавек. Апалчэнне бараніла Магілёва ад гітлераўцаў.

У 1974 г. у абласным цэнтры з’явілася вуліца Народнага апалчэння. Знаходзіцца ў мікрараёне Юбілейны.

peramoga.belta.by


1 ліпеня 1974 года адбыўся першы афіцыйны візіт прэзідэнта ЗША Рычарда Ніксана ў Беларусь.

Госця прынялі ва ўрадавай рэзідэнцыі «Заслаўе». Ніксан азнаёміўся з горадам, усклаў вянок да манумента на плошчы Перамогі, наведаў мемарыяльны комплекс «Хатынь».

Падчас абеду ў тосце ён ушанаваў подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Разгадаў хітрыкі савецкіх палітыкаў: замест Катыні, яго прывезлі ў Хатынь.

15 студзеня 1994 году незалежную Беларусі наведаў яшчэ адзін прэзідэнт ЗША Блін Клінтан.

nashaniva.com


1 ліпеня 2016 года ў Беларусі адбылася дэнамінацыя нацыянальнай валюты і былі ўведзены новыя грашовыя знакі ўзору 2009 года. Зʼявіліся манеты.

Афіцыйна было абвешчана, што дэнамінацыя прынята для далейшага ўдасканалення грашовага абарачэння, спрашчэння ўліку і разлікаў у краіне, падтрымання аптымальнай купюрнай будовы грашовай масы. Працэс дэнамінацыі, даводзілі ўрадоўцы, не паўплывае на пакупную здольнасць рубля, курс нацыянальнай валюты адносна замежных, фактычны ўзровень інфляцыі.

belpatriot.by


У публікацыі выкарыстаная інфармацыя з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых крыніц