Дзень у гісторыі: 11 жніўня. Першая згадка пра Горадню. Нарадзіліся: даследчык мовы смаленскіх беларусаў Уладзімір Дабравольскі, каталіцкі святар Міхаіл Далецкі, які дбаў пра беларускую мову ў касцёле і Алесь Гуркоў, актывіст першых незалежніцкіх арганізацыяў, на думку якога Пазняку трэба было дамаўляцца з Кебічам у 1994 годзе

11 жніўня. Сусветны дзень здаровага сэрца (World Heart Day).

Заснаваны ў 1999 годзе Сусветнай федэрацыяй сэрца і Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.

Задуманы для інфармавання насельніцтва аб рызыках сардэчна-сасудзістых захворванняў і неабходнасці іх прафілактыкі.

1127 год. Першая згадка ў пісьмовых крыніцах пра Горадзен (Горадню, Гродна).

Згадаў пра беларускі горад аўтар Лаўрэнцьеўскага летапісу.

Найбагацейшы ў Беларусі горад на архітэктурныя помнікі. У 2014 годзе Горадня была культурнай сталіцай Беларусі.

Горад на Нёмане – буйны прамысловы цэнтр з хімічнай, харчовай, тытунёвай, лёгкай, машынабудаўнічай і дрэваапрацоўчай вытворчасцю.

Яго насяляе 357,5 тысяч чалавек.

1856 год. Нарадзіўся Уладзімір Дабравольскі.

Этнограф, краязнавец, мовазнавец.

Выкладаў у Беларускім народным універсітэце ў Маскве, у Віцебскім педагагічным інстытуце. Саратнік знанага навукоўца і даследніка беларускай культуры Яўхіма Карскага.

Дабравольскі выдаў «Смаленскі этнаграфічны зборнік», «Смаленскі абласны слоўнік» з 16 560 артыкуламі з дыялектнымі словамі руска-беларускага пагранічча.

1884 год. Нарадзіўся Міхаіл Далецкі.

Каталіцкі святар, ганаровы канонік Пінскай кафедральнай капітулы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя.

Прыхільнік беларускай мовы ў касцёле. Падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus». Расстраляны гітлераўцамі ў 1942 годзе ў Навагрудку разам з 60 вернікамі.

1954 год. Памёр Парфён Савіцкі.

Дзяржаўны дзеяч, гісторык, рэктар БДУ.

У сакавіку 1941 году на Вучоным Савеце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту прапанаваў перавесці выкладанне прадметаў на беларускую мову.

Узначальваў БДУ, калі яго эвакуявалі ў Падмаскоўе. Арганізатар аднаўлення працы па вяртанні ў беларускую сталіцу.

1965 год. Нарадзіўся Алесь Гуркоў.

Грамадска-культурны дзеяч, удзельнік незалежнага выдавецкага і маладзёжнага рухаў 1980-х гадоў, выдавец.

Арганізатар і кіраўнік нефармальнай суполкі «Світанак», адзін з заснавальнікаў і выдаўцоў у 1990 годзе газеты «Свабода», актывіст «Мартыралога Беларусі» і БНФ «Адраджэньне».

У адным з сваіх інтэрв’ю сказаў, што лепей бы на першых прэзідэнцкіх выбарах перамог Вячаслаў Кебіч і з ім трэба было дамаўляцца Зянону Пазняку.

1979 год. У авіякатастрофе загінулі 178 чалавек, уключая 14 футбалістаў узбекскага «Пахтакора», якія ляцелі ў Беларусь на гульню з мінскім «Дынама».

У небе сутыкнуліся два самалёты. Новы склад гульцоў «Пахтакора» не змог гуляць як раней: у 1982 г. – 8 месца, у 1984 г. назаўсёды пакінуў вышэйшую лігу савецкага футболу.

 


У публікацыі выкарыстаны звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў