Паліцыя кітайскай правінцыі Шансі затрымала двух мужчын, якія абвінавачваюцца ў нанясенні незваротнай шкоды аднаму з участкаў Вялікай кітайскай сцяны. Мужчыны падазраюцца ў разбурэнні часткі сцяны экскаватарамі – піша Guardian. Пацярпелы ўчастак, размешчаны прыкладна ў шасці гадзінах язды на захад ад цэнтра Пекіна, узыходзіць да часоў кітайскай дынастыі Мін з XIV па XVII стагоддзе.
У панядзелак кітайскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва CCTV паведаміла, што падазраваныя нанеслі «незваротную шкоду» сцяне эпохі Мін, якая была апісана як «адносна некрануты» ўчастак, які мае значную даследчую каштоўнасць.
На кітайскім тэлебачанні паказалі выяву, дзе пыльная дарога была прарэзана праз доўгі ўзвышаны ўчастак зямлі, які, верагодна, раней быў рэшткамі старажытнага бар’ера.
«У цяперашні час двое падазраваных затрыманыя ва ўстаноўленым законам парадку, расследаванне справы працягваецца» — паведамляе CCTV. Мяркуецца, што яны прабілі дарогу праз сцяну з-за таго, што былі незадаволеныя неабходнасцю рабіць вялікі аб’езд.
Фота: Guardian