Сёння Магілёўскі абласны цэнтр кіравання транспартам размясціў на сваім афіцыйным сайце памятку пра змены, якія закрануць усіх арганізатараў пасажырскіх перавозак. Пачынаючы з 1 снежня 2024 года ўсе нерэгулярныя пасажырскія перавозкі ў краіне могуць ажыццяўляцца толькі ў выпадку, калі інфармацыя пра іх уключаная ў адзіны Рэестр – базу дадзеных усіх перавозчыкаў краіны.
Гэты Рэестр пачаў фарміравацца 1 жніўня, а пачынаючы з 1 снежня пасажырскімі перавозкамі ў краіне змогуць займацца толькі тыя перавозчыкі, якія выконваюць усе патрабаванні Указа №32 «Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў».
У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі перавозчык (у тым ліку таксі) павінен забяспечыць “відэафіксацыю выканання перавозак пасажыраў”, “захаванне і перадачу даных па запатрабаванні адпаведных органаў”.
Таксама перавозчыкам будзе забаронена карыстацца службовым транспартам у асабістых мэтах – напрыклад, таксіст ужо не зможа вазіць сваю сям’ю на лецішча на сваёй машыне, калі на ёй жа ён таксуе.
Фота ілюстрацыйнае