Навіны

Расіяне масава купляюць нерухомасць у Марыупалі – каб жыць каля мора – і не лічаць гэта рызыкоўным

“Вайна ж не будзе ісці вечна” – мяркуюць пакупнікі, а “пад крылом Расіі горад чакае вялікая будучыня”.

Вялікае даследаванне пра дзівосы рынка нерухомасці ў акупаваным Расіяй украінскім горадзе Марыупалі піша Санкт-Пецярбургскае выданне “Бумага”.

Пасля акупацыі Марыўпаля расійскія ўлады пачалі забудоўваць горад новымі дамамі і зносіць тыя, што моцна пацярпелі з-за абстрэлаў. Mogilev.media раней паведамлялі, што робіцца гэта ў тым ліку і рукамі беларусаў. Ужо ў маі 2022 года пачалі з’яўляцца першыя аб’явы расіян аб куплі кватэр і дамоў у Марыупалі. Пакупнікі пры гэтым лічаць, што горад ужо “перажыў горшае” і хутка стане турыстычным цэнтрам Расіі, а ваенныя дзеянні туды не вернуцца.

Ва «УКантакце» існуе каля ста груп, дзе размяшчаюцца аб’явы аб куплі, продажы і арэндзе нерухомасці ў Марыупалі. У адной з самых буйных – «Нерухомасць Марыўпаля і Прыазоўя» – паведамленні ад жадаючых купіць дом або кватэру пачалі з’яўляцца з 3 мая 2022 года, калі ў горадзе яшчэ працягваліся баі.

Шукаюць нерухомасць у Марыупалі расіяне з розных рэгіёнаў – Масквы, Пецярбурга, Краснадара, Краснаярска, Ніжняга Ноўгарада і іншых. Яны разглядаюць дамы і кватэры “ў любым стане” і гатовыя аднавіць іх пасля абстрэлаў.

Некаторыя пакупнікі распавялі выданню, што прызнаюць Марыупаль часткай Расіі і не лічаць куплю нерухомасці ў акупаваным горадзе рызыкоўнай. Пры гэтым большасць суразмоўцаў ніколі не былі ў Марыупалі.

Алеся, шукае дом у Марыупалі, з Омска:

– Я лічу гэта добрым укладаннем сродкаў. Можа быць, камусьці гэта падасца дзіўным, але я веру ў развіццё горада. Пад крылом Расіі яго чакае вялікая будучыня. Думаю, у далейшым ён стане папулярным месцам для адпачынку і турызму. Ён мае важнае значэнне для нашай краіны. Горад-герой. У мяне няма апасенняў, што ён можа пацярпець з-за ваенных дзеянняў. Самае страшнае, што магло з ім здарыцца, ужо адбылося.

Эльдар, шукае кватэру ў Марыупалі:

– Хачу набыць нерухомасць у Марыупалі, паколькі лічу, што ў найбліжэйшай будучыні горад расквітнее і будзе добрым месцам для адпачынку. Не баюся, што горад можа пацярпець яшчэ. Нашы рубяжы надзейна ахоўваюць узброеныя сілы, вайна набліжаецца да свайго лагічнага завяршэння (ва ўсякім разе ў гэтым рэгіёне).

Ірына, шукае дом у Марыупалі, з Краснаярска:

– Мы з сям’ёй пачалі шукаць жыллё ў Марыупалі, таму што хочам жыць ля мора ў месцы з добрай экалогіяй. Таксама ў Марыупалі яшчэ даволі танная нерухомасць і больш прывабныя прапановы па заробках для майго мужа – ён працуе электраманцёрам. А яшчэ экалогія ў горадзе нашмат лепш, чым у Краснаярску. Страшна, што там зноў могуць пачацца ваенныя дзеянні, але ж вайна не будзе ісці вечна.

Усе людзі, якія адказалі выданню, абралі гэты горад з-за блізкасці да мора. Яны лічаць, што гэта робіць яго прывабным для турыстаў. Большасць расіян, якія шукаюць кватэры ці дамы ў Марыупалі, не баяцца вяртання ваенных дзеянняў у горад, нягледзячы на контрнаступленне Украіны на гэтым напрамку.

Зараз на «Авіта» размешчана 70 аб’яў аб продажы нерухомасці ў Марыупалі. 34 з іх – кватэры, 35 – дамы. У сярэднім кватэры прадаюцца за тры мільёны расійскіх рублёў (гэта каля 27 000$), а дамы і ўчасткі – за 4,8 мільёна рублёў (больш за 44 000$).

Падчас баёў за Марыупаль у 2022 годзе было разбурана 90% шматкватэрных дамоў і 60% прыватных дамоў, паведамлялі ў справаздачы ААН. У чэрвені 2022-га міжнародная арганізацыя змагла пацвердзіць смерць 1 348 мірных жыхароў горада, а да гэтага мэр Марыупаля Вадзім Бойчанка паведаміў аб 10 тысячах загінуўшых.

Фота: AP Photo/Alexei Alexandrov

Апошнія навіны

Прэпарат для зніжэння вагі стаў прарывам у медыцыне – ён зніжае рызыку інсультаў на 20%

Семаглутыд – прэпарат для зніжэння вагі і барацьбы з дыябетам – дэманструе выдатныя вынікі па…

14 мая, 2024

18 000 куранятак скраў з Шклоўскай птушкафабрыкі супрацоўнік прадпрыемства

39-гадовы інжынер птушкафабрыкі ў Шклове на працягу некалькіх месяцаў выкрадаў з інкубатарнай сутачных куранятак-бройлераў і…

14 мая, 2024

Частку Бабруйскай крэпасці прадаюць за адну базавую

Двухпавярховы склад з часткай абарончага вала Бабруйскай крэпасці выстаўлены на аўкцыён. Пасля продажу двух складоў…

14 мая, 2024

Дзевяцігадовы хлопчык атрымаў апёкі 10% цела – ўспыхнула бутэлька з бензінам

Падчас спальвання смецця жыхаром вёскі Лубнішча Магілёўскага раёна пацярпеў яго сын 2015 года нараджэння. Як…

14 мая, 2024

Магілёвец атрымаў два гады калоніі за слова “лукож.пый”

Магілёўскі прадпрымальнік Павел Макаранка атрымаў два гады зняволення па артыкуле за абразу Лукашэнкі – паведамляе…

13 мая, 2024

Дзесяць магілёўскіх аўтобусаў памяняюць расклад і маршрут на Радуніцу

Дзеля падвозу людзей да могілак дзесяць аўтобусных маршрутаў Магілёва памяняюць свой расклад і схему праезду…

13 мая, 2024