Гарады-пабрацімы: навіны

За час расейскай агрэсіі ў Мікалаеве загінула 86 жыхароў, палова гараджан з’ехала. У Літве спрасцілі працэдуру дэмантажу савецкіх помнікаў і забаранілі сімвалы таталітарных рэжымаў


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

(Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. Горад месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расейцаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой»).


У Мікалаеве ад пачатку расейскай агрэсіі загінула 86 жыхароў, сярод іх 1 дзіця. З 399 траўмаваных – трое дзяцей.

Па словах мэра Аляксандра Сянкевіча сітуацыя ў горадзе напружаная. За апошнія дні ў выніку абстрэлаў 12 чалавек атрымалі раненні. Пашкоджаныя аб’екты гарадской інфраструктуры.

Як мяркуе чыноўнік з Мікалаева зʼехала палова яго ранейшага насельніцтва. Засталіся пераважна тыя каму няма куды падацца. Кіраўнік гораду просіць людзей зʼязджаць, адзначае інтэрнэт-выданне Корабелов.инфо.

«Ваш дом – гэта не ваша грабніца. Не трэба ў ім паміраць, адзначае ён. – Калі хочаце выжыць, то лепей з гораду зʼехаць».

У ноч на 20 красавіка расейцы абстралялі лякарню ў мястэчку Баштарцы, паведаміла старшыня аблсавету Ганна Замазеева. Знішчана некалькі карпусоў шпіталю. Паводле Замазеевай ёсць пацярпелыя, але абышлося без смерцяў.

У ноч на 19 красавіка некалькі снарадаў трапілі на тэрыторыю заапарку, піша інтэрнэт-выданне «Гордон». Дырэктар заапарку Уладзімер Топчый не паведаміў, ці пацярпелі яго гадаванцы.

Інфармацыйны рэсурс «Фокус» апублікаваў фотаздымак варонкі ад ракетнага выбуху. Глыбіня яміны сягае 5 мэтраў.

Мясцовыя выданні пішуць, што ў Мікалаеве застаецца складанай сітуацыя з пітной вадой. Каб забяспечыць насельніцтва робяць свідравіны. Некалькі цыстэрнаў даставілі з Адэсы. Цэнтралізаванае водазабеспячэнне пашкоджанае абстрэламі. Яно перастала функцыянаваць 12 красавіка.

У абласны цэнтр дастаўленая гуманітарныя дапамога з горада-партнера Плевена. Балгары прывезлі ўкраінцам медыкаменты, спальныя мяхі, заладоўкі, піша газета «Николаевские новости».

Мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч кажа, што Плевень адным з першых адгукнуўся і прапанаваў Мікалаеву падтрымку. Па ягоных словах дастаўлены з Балгарыі груз размяркуюць у больніцы і атрады тэрытарыяльнай дапамогі.


Клайпеда, Літва

(8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек).


У Літве забаранілі знакі і сімвалы, якія прапагандуюць ваенную агрэсію. За георгіеўскую стужку, а таксама знакі, якімі пазначаюць сваю тэхніку расейцы ва Ўкраіне прадугледжаны штраф ад 300 да 1500 еўра.

Паводле інфармацыйнага рэсурсу Atvira Klaipėda зменены Кодэкс адміністрацыйных правапарушэнняў забараняе сімвалы таталітарных або аўтарытарных рэжымаў, якія выкарыстоўваюцца, ці выкарыстоўваліся падчас ваеннай агрэсіі, учынення злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынстваў.

Выданне інфармуе, што міністр культуры Сіманас Кайрыс падпісаў распараджэнне, якое змяняе крытэрыі, паводле якіх савецкія помнікі ахоўваліся законамі, якія рэгулююць спадчыну. Папраўкі ў закон спрашчаюць працэдуру іх дэмантажу.

Скульптуры, выявы або іншыя сімвалы, якія прапагандуюць дзейнасць нацысцкай Германіі, арміі СССР, спецыяльных службаў гэтых дзяржаваў, якія рэпрэсавалі насельніцтва Літвы, не падпадаюць пад прававую абарону.

Па словах міністра «пакінутыя акупантамі помнікі, якія на доўгія гады азмрочваюць публічную прастору гарадоў і мястэчак, не сумяшчальныя з абліччам сучаснай Літвы».

«Сёння мы бачым жахі крамлёўскага рэжыму ва Украіне, які змагаецца за сваю свабоду. Помнікі, якія дагэтуль стаяць у Літве, часта закліканы ўслаўляць акупантаў, якія паводзілі сябе такім жа чынам», – адзначае ён.


Даўгаўпілс, Латвія

(горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгалія, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск).


Жыхарам Даўгаўпілсу ў наступным сезоне давядзецца плаціць больш за ацяпленне. 1 траўня сканчаецца праграма кампенсацыі часткі расходаў на яго. Гараджане спадзяюцца, што яе працягнуць, піша газета «Наш горад».

Паводле старшыні Даўгаўпільскага самакіравання Андрэя Элксніньша такія перамовы вядуцца. Ён кажа, што кампаніі-пастаўшчыкі асцерагаюцца заключаць кантракты на пастаўку газа больш чым на 1 месяц.

«Прычына ў тым, што сітуацыя даволі не стабільная, – тлумачыць чыноўнік. – Самакіраванне не можа заключыць доўгатэрміновы кантракт па фіксаванай цане, бо такіх прапановаў няма. У любы момант можа прынятае рашэнне аб прыпыненні працы газапроваду».

Ён не выключае, што кошт газу можа ўзрасці ў паўтары разы. Па ягоных словах робіцца ўсё магчымае, каб тарыф на ацяпленне ў Даўгаўпілсе не дасягнуў трохзначнай лічбы.

фота: Владимир Топчий / Facebook

Апошнія навіны

Магілёўскае упраўленне капітальнага будаўніцтва злавілі на маніпуляцыях пры закупках

Буйнейшы забудоўшчык у Магілёўскім рэгіёне, абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва сістэматычна парушала заканадаўства аб дзяржаўных закупках…

22 кастрычніка, 2024

Магия черная и белая – как депутат Дьяченко принимал граждан в Осиповичах

Депутат Олег Дьяченко во время приема граждан в Осиповичах внезапно собрал вокруг себя много людей…

22 кастрычніка, 2024

Два пенсіянеры за адзін дзень загінулі на пажарах у Клічаўскім раёне

Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін…

22 кастрычніка, 2024

В Могилеве заработала партийная школа, где готовят фальсификаторов выборов

Члены пролукашенковской партии «Белая Русь» будут пачками повышать квалификацию в Могилеве. Кривая благосостояния народа растет,…

21 кастрычніка, 2024

У “цёплай і душэўнай абстаноўцы”, але з пустымі кубкамі віншавалі ў Горках з Днём маці

Кіраўніцтва Горацкага райвыканкама правяло ўрачысты прыём для шматдзетных маці блізнятак, двайнятак і трайнятак. Жанчыны былі…

15 кастрычніка, 2024

У Магілёве апячаталі кватэру былой палітзняволенай Анастасіі Булыбенка

Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак. У былой палітзняволенай, што…

14 кастрычніка, 2024