Падрослая трава дала магілёўскім чыноўнікам новую нагоду для імітацыі бурлівай дзейнасці, бо цяпер можна стварыць спецыяльныя мабільныя групы для кантролю за гэтым працэсам.
Старшыня гарвыканкама Сяргей Чарткоў сабраў 3 чэрвеня 2025 года камунальнікаў, каб нагадаць: добраўпарадкаванне — справа сур’ёзная, хоць і не заўсёды патрабуе вялікіх капіталаўкладанняў, піша набліжаны да ўладаў горада тэлеграм-канал “Магілёў — мой горад”.
Асаблівы акцэнт зрабілі на скошванні травы, якое раптам стала справай дзяржаўнай важнасці. Недастаткова проста падстрыгчы газоны — цяпер за гэтым будуць сачыць мабільныя групы, створаныя ў Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах. Магчыма, наступным крокам стане з’яўленне “спецыялістаў” па вымярэнні даўжыні травінак.
Мабільныя групы — гэта спецатрады паказнога клопату, якія патрулююць двары ў пошуках кустоў і газонаў, што ўхіляюцца ад добраўпарадкавання.
Працэс, безумоўна, важны. Асабліва калі трэба імітаваць актыўную дзейнасць без лішніх выдаткаў. Менавіта так выглядае сапраўдны магілёўскі падыход: калі не істотна, каб стала лепш — галоўнае, каб выглядала, быццам нехта заняты. І асабліва важна адлюстраваць гэта ў мясцовай прэсе — з 4 чэрвеня ў склад адной з мабільных груп увайдуць журналісты “Весніка Магілёва”.
Фотаздымак: “Магілёў — мой горад”