Магілёвец абяцаў адрамантаваць аўто, але прагуляў грошы

Пад выглядам аўтаслесара магілёвец падмануў пяцярых гараджан на суму каля 8 тыс. рублёў.

У дзяжурную частку Ленінскага РАУС амаль адначасова звярнуліся пяць пацярпелых, піша «Міліцыя Магілёўшчыны». Усе яны паведамілі, што перадалі свае аўтамабілі і грошы 35-гадоваму мужчыне, які раней сапраўды займаўся рамонтам машын.

Як высветлілася, магілёвец сапраўды арандаваў памяшканне пад аўтасэрвіс, але перастаў аплачваць арэнду, у выніку чаго дамова была скасавана. Тым не менш, ён працягваў браць замовы на рамонт, хоць насамрэч не меў ні абсталявання, ні ўмоў для выканання работ.

Кожнаму з кліентаў мужчына абяцаў якасны і своечасовы рамонт. Аднак замест працы над аўтамабілямі ён проста пакідаў іх на стаянках, а атрыманыя перадаплаты траціў на асабістыя патрэбы — арэнду жылля і вячэрнія забавы ў клубах.

У некаторых выпадках, пасля доўгага чакання ён паведамляў уладальнікам, што рамонт завершаны і машыну можна забіраць. Насамрэч аўтамабіль нават не пачыналі рамантаваць. Больш за тое, некалькі чалавек далі яму грошы ў доўг, але так і не змаглі вярнуць іх назад.

У дачыненні да махляра распачата крымінальная справа па факце махлярства.

У траўні стала вядома пра падобны выпадак махлярства з рамонтам аўтамабіляў. Праваахоўнікі высветлілі, што яшчэ адзін 35-гадовы жыхар Магілёва з лютага 2023 года па кастрычнік 2024 года размяшчаў на розных сайтах аб’явы пра рамонт аўтамабіляў. На іх адгукнуліся 14 грамадзян. Пагадзіўшыся на аб’ём работ, мужчына пераконваў уладальнікаў аўто перадаць яму грошы ў якасці перадаплаты. Ён тлумачыў гэта неабходнасцю набыцця запчастак і матэрыялаў для рамонту. Усяго за названы перыяд ён махлярскім шляхам атрымаў больш за 16,5 тысячы рублёў.

Каб стварыць бачнасць рамонту, абвінавачваны перыядычна дасылаў пацярпелым фатаграфіі аўтазапчастак, нібыта набытых для аднаўленчых работ, а таксама часткова разабраных машын. Аднак на самой справе рамонт не праводзіўся, і ён пастаянна прыдумляў новыя прычыны, каб адкласці вяртанне аўтамабіляў. Перададзенымі аўтамабілямі ён карыстаўся ў асабістых мэтах.

Фота: ілюстрацыйнае, mogilev.media

Магілёўскі “аўтамайстар” падмануў сваіх кліентаў на амаль 17 тыс. рублёў

Жыхар Магілёва, назваўшы сябе аўтаслесарам, падмануў 14 кліентаў, скарыстаўшы іх аўтамабілі і атрымаўшы грошы за не зроблены рамонт.

Как паведамляе пракуратура горада Магілёва, з лютага 2023 па кастрычнік 2024 года магілёвец размяшчаў у інтэрнэце аб’явы аб паслугах па рамонце аўтамабіляў. Пасля дамоўленасцей з аўтаўладальнікамі ён атрымліваў ад іх перадаплату нібыта для закупкі запчастак. Для стварэння бачнасці працы ён адпраўляў кліентам фатаграфіі дэталяў і разабраных аўтамабіляў, аднак ніякага рамонту не рабіў.

Акрамя таго, аўтамабілі, перададзеныя на рамонт, абвінавачаны выкарыстоўваў у асабістых мэтах — ездзіў сам і перадаваў іншым людзям. Такая схема дзейнічала больш за паўтара года, пакуль адзін з пацярпелых выпадкова не ўбачыў свой аўтамабіль у руках незнаёмца і не паведаміў у міліцыю.

Як устаноўлена следствам, мужчына пад падставай рамонту падмануў 14 чалавек, прысвоіўшы больш за 16 500 рублёў. Пасля пачатку крымінальнай справы транспартныя сродкі былі вернуты ўладальнікам, аднак частка з іх знаходзілася ў няспраўным стане. Шкоду мужчына кампенсаваў толькі часткова — на суму 11 тысяч рублёў. Рэшта доўгу будзе спаганяцца за кошт арыштаванай маёмасці. Справа накіраваная ў суд.

У нечым падобны выпадак аўтамабільнага махлярства быў выяўлены летась. Тады Следчы камітэт паведаміў пра мужчыну, які набываў у Расіі аўтамабілі з падробленымі дакументамі і прадаваў іх у Беларусі. Адзін з пацярпелых, жыхар Магілёўскай вобласці, набыў Hyundai Santa Fe з фальшывым пасведчаннем аб рэгістрацыі і ідэнтыфікацыйным нумарам. Агульная сума махлярскіх здзелак склала 379 тысяч рублёў.

Фота: mogilev.media, ілюстрацыйнае