Навіны

“Нарадзіла мёртвага хлопчыка ў сваёй камеры” – выйшаў даклад ААН аб рэпрэсіях у Беларусі, якія расцэньваюцца як злачынствы супраць чалавечнасці

За сэксуалізаваным гвалтам і катаваннямі часцей за ўсё стаяць супрацоўнікі ГУБАЗіК, а работнікі КДБ спрабавалі схаваць смерць немаўляці ў турме.

15 сакавіка 2024 года Савет ААН па правах чалавека апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. У дакуменце разглядаюцца як падзеі падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, так і працяг рэпрэсій у наступныя гады. У папярэдняй неадрэдагаванай версіі гаворыцца аб наяўных падставах расцэньваць пераслед у Беларусі як злачынства супраць чалавечнасці – піша reform.by.

У дакладзе гаворыцца, што Упраўленне Вярхоўнага камісара па правах чалавка правяло 657 інтэрв’ю з непасрэднымі ахвярамі рэпрэсій, а высновы падмацаваныя больш чым 5 400 матэрыяламі, з якіх 2 000 матэрыялаў былі сабраныя за 2023 год.

“Органы правапарадку, пачынаючы з 2020 года і працягваючы ў 2023 годзе, прымянялі неапраўданую і неадпаведную сілу па ўсёй Беларусі. – заяўляюць аўтары дакладу – Гэтая практыка здзяйснялася беспакарана, з ухвалы і пры падтрымцы вышэйшага кіраўніцтва, і прывяла да сур’ёзных траўмаў у дзясятках выпадкаў і нават адвольнаму пазбаўленню жыцця. Беларускія ўлады не правялі расследавання ні таго, ні іншага і не ажыццявілі кампенсацыю.”

Паводле ацэнкі Упраўлення Вярхоўнага камісара, з 1 мая 2020 года больш за 5 500 чалавек, у тым ліку не менш як 55 дзяцей, былі асуджаныя ў крымінальным парадку па палітычна матываваных абвінавачаннях. З 657 апытаных з 2020 года 29% заявілі аб катаваннях і 61% – аб жорсткім абыходжанні. Некаторыя ахвяры атрымалі доўгатэрміновыя траўмы, якія нават змянілі іх жыццё. Яны ўключалі ў сябе анеўрызму, страту слыху, абмежаванне рухомасці ў плечавых, тазасцегнавых і каленных суставах, пераломы касцей рук, ног, носа і пазваночніка, а таксама пашкоджанне нерваў. А таксама такія наступствы для здароўя, як высокі ціск, хранічныя захворванні нырак, дэпрэсія, посттраўматычныя стрэсавыя растройствы (ПТСР), панічныя атакі і праблемы са сном. Большасць ахвяр – мужчыны, у тым ліку адзін чалавек з інваліднасцю.

“У некалькіх выпадках затрыманых прымушалі знаходзіцца ў балючых нязручных позах на працягу доўгага часу, а як мінімум у 2 выпадках супрацоўнікі ГУБАЗіК ледзь не задушылі затрыманых, накладваючы ім на твар маску або пакет. – гаворыцца ў дакладзе – Фізічны гвалт суправаджаўся пагрозамі, прымусам і запалохваннем, у тым ліку пагрозамі смерці, гендэрна-абумоўленага гвалту, у тым ліку сэксуальнага гвалту, нанясення шкоды членам сям’і альбо/і канфіскацыі дзяцей. Допыты доўжыліся гадзінамі і праводзіліся без адваката. УВКПЧ задакументавала, што большасць заяўленых катаванняў адбываліся ў цэнтральным апараце ГУБАЗіК у Мінску.”

Ва УВКПЧ заяўляюць аб падставах меркаваць, што беларускія сілавікі здзяйснялі згвалтаванні і іншыя формы сэксуальнага і гендэрна-абумоўленага гвалту, уключаючы сэксуалізаваныя катаванні і прымус да агалення.

Прыводзіцца выпадак, калі ў мінскім СІЗА №1 жанчыне было адмоўлена ў акушэрскай дапамозе, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы і бачнае развіццё яе цяжарнасці.

“Следчыя КДБ спасылаліся на цяжарнасць, каб аказаць на яе ціск, і адправілі яе з пагрозамі смерці ў ізалятар без вентыляцыі. Яна паведаміла, што страціла прытомнасць і ёй далі лекі, пасля чаго адвялі назад у яе звычайную камеру. У тую ж ноч, на шостым месяцы цяжарнасці і без якой-небудзь медыцынскай дапамогі, яна нарадзіла мёртвага хлопчыка ў сваёй камеры. Ёй адмовілі ў афіцыйным пацверджанні цяжарнасці ці мёртванароджанні і пагражалі, каб яна маўчала.” — гаворыцца ў дакладзе.

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters

Апошнія навіны

Магілёвец атрымаў два гады калоніі за слова “лукож.пый”

Магілёўскі прадпрымальнік Павел Макаранка атрымаў два гады зняволення па артыкуле за абразу Лукашэнкі – паведамляе…

13 мая, 2024

Дзесяць магілёўскіх аўтобусаў памяняюць расклад і маршрут на Радуніцу

Дзеля падвозу людзей да могілак дзесяць аўтобусных маршрутаў Магілёва памяняюць свой расклад і схему праезду…

13 мая, 2024

Пад Бабруйскам шукаюць метэарыт

Калі бабруйскі метэарыт будзе знойдзены, ён стане шостым на тэрыторыі Беларусі. Падзенне нябеснага цела было…

13 мая, 2024

На Магілёўшчыну прывезлі дзяцей з “ДНР”, іх суправаджае чыноўніца пад санкцыямі

Пра незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей на санаторнае лячэнне ў наш рэгіён паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. Ахвяры…

12 мая, 2024

Чатыры чалавекі загінулі на пажары ў Мсціславе

Дзве сям'і сталі ахвярамі пажару ў прыватным доме па вуліцы Энгельса ў Мсціславе. Мужчына 1957…

12 мая, 2024

Дзеля любімага занятку бабруйскі наркаман кінуў працу, але бізнэс працягваўся толькі дзесяць дзён

Бабруйскі наркакантроль затрымаў мясцовага 31-гадовага жыхара, які працаваў закладчыкам. За дзесяць дзён да гэтага мужчына…

11 мая, 2024