Гарадскі музей Амстэрдама (Stedelijk Museum) вырашыў разабрацца, хто ж Малевіч на самой справе: паляк, украінец ці рускі? Пра яго беларускія карані ніхто не ведае.
У гарадскім музеі Амстэрдама сабрана самая вялікая ў свеце калекцыя твораў Малевіча. 68 працаў рознага часу былі набытыя музеем у 1958 годзе. А сюды яны трапілі з Нямеччыны, дзе пасля Берлінскай выставы 1927 году засталіся на захаванні ў архітэктара Х’юга Герынга ў ягоным радавым маёнтку ў Бібераху паблізу Мюнхена.
Інфармацыя пад карцінамі Малевіча ў музеі трафарэтна паведамляла, што ён “расійскі” мастак. Але цяпер супрацоўнікі музею вырашылі высветліць, хто на самай справе Казімір Севярынавіч Малевіч: украінскі ці рускі мастак. Вынікамі даследавання падзялілася The Art Newspaper.
Сапраўды, Малевіча ў Расіі і СССР называлі “расійскім савецкім мастаком”, хаця аўтар знакамітага “Чорнага квадрату” нарадзіўся ў Кіеве ў сям’і ўкраінкі і паляка. І сам ён заўсёды атаясамляў сябе ўкраінцам, як лічаць украінскія даследчыкі. Яны ж падкрэсліваюць, што мастак часта пісаў лісты на ўкраінскай мове і быў выкладчыкам Інстытута мастацтваў у Кіеве.
У выніку расследавання галандскія эксперты пагадзіліся, што Расія неабгрунтавана па-імперскі прыватызавала сусветнавядомага авангардыста Казіміра Малевіча. Музей Амстэрдама абвясціў, што лічыць Малевіча ўкраінскім авангардыстам польскага паходжання. Інфармацыя пра мастака ўжо зменена ў тэкстах у экспазіцыі і на сайце.
Гэта не першы выпадак дэкаланізацыі мастацтва за апошнія гады. Такім самым чынам, у лютым 2023 года знакаміты музей мастацтва Метраполітэн у Нью-Йорку, ЗША (Metropolitan Museum of Art, The Met) прызнаў украінскімі мастакоў Іллю Рэпіна, Івана Айвазоўскага і Архіпа Куінджы, пра што паведамлялі mogilev.media. Акрамя таго, у музеі перайменавалі знакамітую карціну французскага мастака Эдгара Дэга “Расійская танцорка”. Цяпер палатно называюць “Танцорка ва ўкраінскім уборы”.
А вось пра беларускі след у жыцці мастака мала хто ведае. Пакуль за спадчыну Малевіча спрачаюцца расіяне, украінцы і палякі, то беларускасць яго застаецца па-за кантэкстам спрэчак. А правы ў беларусаў на ягоную спадчыну маюцца. Прынамсі так лічыць Ігар Малевіч – прафесар, доктар навук, дыпламат і прадаўжальнік славутага роду. Ягоная фамільная галіна ідзе ад Паўла, старэйшага брата Казіміра.
Справа ў тым, што Малевіч не толькі выкладаў у Віцебскім мастацкім інстытуце, пра што вядома шырока, але і сам яго стыль нарадзіўся ў акопах першай сусветнай вайны ў Беларусі, пра што ведаюць спецыялісты. Дык яшчэ і род ягоны з ліцвінскай шляхты.
Паводле Ігара Малевіча, бацька Казіміра – Сцяпан-Севярын Малевіч быў удзельнікам вызвольнага паўстання Кастуся Каліноўскага, блізкім сябрам ягонага брата Юзіка Каліноўскага. Разам з паплечнікамі-паўстанцамі ён быў вымушаны ратавацца ад расійскіх карных атрадаў. Менавіта так ён з жонкай і дзецьмі з роднай Капыльшчыны выехаў пад украінскі Канатоп, дзе і пачаўся ўкраінскі след біяграфіі Малевічаў.
Месца нараджэння галоўнага дзецішча Малевіча – супрэматызму – акопы Першай сусветнай вайны ад Смаргоні да Шаркаўшчыны. Праз іх давялося прайсці салдату Смаленскага інтэнданцкага палка Казіміру Малевічу. Яго карціны былі пранумараваны ў адпаведнасці з днём службы і сталі сапраўднымі антываеннымі маніфестамі.
І нарэшце, пра мову Малевіча. Паводле сведчанняў сваякоў, пасля ад’езду “ў людзі” ад Казіміра ішлі лісты-напаміны сваякам, напісаныя “капыльскай мовай”, на “крывіцкім жаргоне”, але “польскімі” (лацінскімі) літарамі. Так мастак-містык хаваў напачатку рэвалюцыйнае мінулае продкаў, а затым свае не зусім пралетарскія карані.
Як бачна, і беларусы маюць правы на спадчыну сусветна вядомага авангардыста.
Першы крок дэкаланізацыі спадчыны Малевіча робіцца на нашых вачах – яго ўсё шырэй прызнаюць украінскім мастаком. Наступны крок, прызнаннне беларускасці ягонай творчасці яшчэ наперадзе.
Фота з адкрытых крыніц.
Бабруйскі наркакантроль затрымаў мясцовага 31-гадовага жыхара, які працаваў закладчыкам. За дзесяць дзён да гэтага мужчына…
Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў справаздачу па росце коштаў на спажывецкім рынку ў краіне за…
На Тагільскім завулку ў Магілёве вечарам 10 траўня кіроўца аўтамабіля Nissan не змог адрэагаваць на…
Выданне The New York Times апублікавала новыя матэрыялы пра вайсковую частку пад Асіповічамі, якая можа…
Калі жанчына ачуняла, жыхар Магілёўскага раёна папрасіў у яе прабачэння і дапамог апрацаваць рану. Здарэнне…
Истерию вокруг Дня Победы в Беларуси нагнетают те из чиновников и пропагандистов, кому следует помалкивать…