Міжнародны дзень грамадзянскай авіяцыі (International Civil Aviation Day з 1994 года) абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у сувязі з 50-й гадавінай падпісання Канвенцыі аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі, у адпаведнасці з якой і была створана міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі ICAO.
Як вядома, 7 лістапада 1933 года, у дзень адкрыцця аэрапорта “Мінск-1”, быў выкананы першы авіарэйс Мінск-Масква. Гэта дата стала зыходным пунктам у развіцці грамадзянскай авіяцыі Беларусі.
Галоўная ў краіне авіякампанія “Belavia” мае 17 прадстаўніцтваў у розных краінах. Перавозіць да 3 мільёнаў пасажыраў у год. У кампаніі эксплуатуюцца толькі самалёты Boeing і Embraer.
Свята Кацярыны. Кацярына Санніца (народны каляндар). «Забрала край лета».
Кацярына – апякунка незамужніх дзяўчат. Да ўзыходу сонца выходзілі дзяўчаты з прасяной кашай на дарогу і клікалі лёс. Калі певень адгукаўся – удача чакае.
Вечар пад Кацярыну – час варажбы. Дзяўчаты перад сном кладуць пад падушку кавалак хлеба і загадваюць: які суджаны прыйдзе кавалак разламаць.
Кацярынінскія гулянні – першае катанне на санях.
Яснае надвор’е на Кацярыну прадвесціць марозную зіму.
У гэты дзень упершыню пасля восеньскага вяселля паказвалася на людзі маладая.
Кацярына на санях коціць да зімовага Ягорыя (9 снежня) у госці, да халоднага Юр’я.
Калі снег упадзе на сухую зямлю і стане шлях санны, на наступны год – неўраджай.
Калі на Кацярыну адліга, ды смуга, ды золь – тады маразоў не чакай раней за Варварын дзень (17 снежня).
1863 год. Памёр Ануфрый Петрашкевіч.
Польскі і беларускі паэт. Быў гувернёрам у Ігната Дамейкі, які стаў нацыянальным героем Чылі, і яго братоў.
Адзін з заснавальнікаў таварыства філаматаў, распрацаваў структуру таварыства прамяністых.
Быў пад следствам па справе філаматаў, знаходзіўся ў ссылцы, у 1831 годзе «за сімпатыі да паўстання» быў прыгавораны да смяротнага пакарання, але прысуд замянілі на бестэрміновае пасяленне ў Сібіры.
Актыўна збіраў філамацкую спадчыну – каля тысячы лістоў Міцкевіча, Чачота, Зана, Петрашкевіча, Дамейкі і іншых, літаратурныя творы, прамовы, песні.
Садзейнічаў выданню «Санетаў» А. Міцкевіча, якія адразу сталі вельмі папулярнымі ў Расіі. Падрыхтаваў да выдання паэзію Тамаша Зана і Яна Чачота.
На радзіму вярнуўся толькі ў ліпені 1860 года. Пасля ягонай смерці выйшлі тры тамы дакументацыі, пяць тамоў філаматавых перапісак, два тамы паэзіі. Архіў захоўваецца ў Варшаве, Любліне і Вільнюсе.
Паэт паслужыў прататыпам Яцака, персанажа паэмы Адама Міцкевіча «Дзяды».
1877 год. У рэдакцыі часопіса “У свеце навукі” прадэманстравана першая ў гісторыі тэхнікі гуказапісвальная прылада – фанограф Томаса Эдысана.
Яе прадэманстраваў механік Эдысана Джон Крузі.
У фанографе гукавыя ваганні рэгістраваліся ў выглядзе баразёнкі, якая праціснута ў алавянай фальзе, якой быў абгорнуты валік.
Першым гуказапісам сталі прачытаныя Эдысанам радкі з дзіцячага верша “У Мэры быў баранчык”.
Якасць гуказапісу палепшылася пасля з’яўлення ў пачатку 1880-х гадоў фанографа з валікам з пластом воску.
1878 год. Нарадзіўся Аляксандр Астрамовіч.
Беларускі каталіцкі святар, паэт.
У час вучобы ў каталіцкай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу, арганізаваў аб’яднанне клірыкаў-беларусаў. Выступаў за беларусізацыю касцёла ў Беларусі, касцельныя казанні да вернікаў па-беларуску стаў весці з 1914 года.
Адзін з арганізатараў і ўдзельнік з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (1917), сябра Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці, адзін з ініцыятараў выдання газеты “Biełarus” (1913).
Аўтар вершаў, зборніка паэзіі, паэмы, вершаванага апавядання, беларускага рэлігійнага гімна «Божа, што калісь народы…».
Збіраў народныя песні, якія разам з запісамі А. Грыневіча склалі зборнік «Беларускія песні з нотамі».
Памёр 17 студзеня 1921 года.
1921 год. Па ініцыятыве Б. Тарашкевіча ў Радашковічах заснавана Таварыства беларускай школы (ТБШ).
Культурна-асветная арганізацыя ў Заходняй Беларусі,якая працавала ў 1921-1936 гадах.
Радашковіцкае ТБШ далучылася да ТБШ, якое было створана ў Вільні (статут зацверджаны 1 ліпеня 1921).
ТБШ імкнулася распаўсюджваць і дапамагаць асвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускія школы і беларускую асвету наогул, выступала супраць паланізацыі, сацыяльнага прыгнёту, праводзіла шырокую дзейнасць па адкрыцці беларускіх школ, павышала агульнаадукацыйны і культурны ўзровень насельніцтва, яго нацыянальную свядомасць.
Забаронена польскімі ўладамі 2 снежня 1936 года.
У Рэспубліцы Беларусь ТБШ была адноўлена як грамадскае аб’яднанне і дзейнічала ў 1996-2021 гадах.
1928 года. Нарадзіўся Радзім Гарэцкі.
Беларускі грамадскі дзеяч і навуковец-геолаг, акадэмік, доктар геолага-мінералагічных навук. Заслужаны дзеяч навукі. Замежны член Расійскай акадэміі навук.
Працаваў дырэктарам Геалагічнага інстытута АН СССР, Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР, быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.
Даследаваў геалагічныя платформы, карысныя выкапні Еўразіі, Беларусі, высветліў тэктанічныя заканамернасці размяшчэння многіх карысных выкапняў, адкрыў новы газаносны раён у Прыараллі, Базайскае радовішча ў Заходнім Казахстане.
Актыўна ўдзельнічаў у складанні Міжнароднай тэктанічнай карты Еўропы, тэктанічных карт Еўразіі (Дзяржаўная прэмія СССР), Беларусі і сумежных тэрыторый (Дзяржаўная прэмія БССР). Аўтар больш за 550 навуковых прац і больш за 300 навукова-папулярных выданняў, у тым ліку 46 манаграфій, 41 карты.
У 1993-2001 гадах – прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», адзін з арганізатараў з’ездаў беларусаў свету. У шматлікіх публікацыях, у кнізе «Шляхам адраджэння», выступае за дэмакратыю і дзяржаўную незалежнасць Беларусі, адраджэнне беларускай мовы і культуры.
У 2000 годзе, разам з Г. Бураўкіным і Р. Барадуліным, стаў арганізатарам Усебеларускага з’езда за незалежнасць. Узнагароджаны Медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
1938 год. Расстраляны НКУС Пётр Бузук.
Беларускі мовазнавец, лінгвіст-славіст, літаратуразнавец, паэт, празаік, педагог. Доктар філалагічных навук.
Працаваў ў БДУ, Інбелкульце, старшынёй дыялекталагічнай камісіі, дырэктарам Інстытута мовазнаўства АН БССР, узначальваў падрыхтоўку праекту граматычнай рэформы 1933 года.
Вывучаў праблемы праславянскай мовы, праблемы ўтварэння асобных моўных груп эпохі праславянскага адзінства, пытанні агульнага і параўнальнага мовазнаўства, распрацоўваў пытанні беларускай лінгвістычнай геаграфіі.
Даследаваў узаемаадносіны літаратурнай мовы і дыялектаў, культуру беларускай мовы, станаўленне правапісных і графічных нормаў. Вывучаў узаемасувязі ўкраінскай і беларускай моў.
Аўтар першага дыялекталагічнага атласа беларускай мовы – першага для ўсходнеславянскіх моў, і славянскіх моў наогул – фактычна, і першай лінгвагеаграфічнай працы.
Пад псеўданімам П. Росіч пісаў апавяданні, вершы, рабіў пераклады. Член «Маладняка».
Арыштоўваўся ДПУ ў 1930, 1934, 1937 гадах, быў ў ссылцы ў Волагдзе. У 1937 годзе прысуджаны да расстрэлу.
1941 год. Японская авіяцыя атакавала Пёрл-Харбар.
Пёрл-Харбар – найбуйная ваенна-марская база ЗША ў Ціхім акіян на востраве Ааху Гавайскіх астравоў, падвергся раптоўнаму нападу японцаў.
На працягу двух гадзін была знішчана большая частка амерыканскага Ціхаакіянскага флота: 4 лінкоры, крэйсер, 2 эсмінцы, дапаможныя судны, 188 самалётаў.
Яшчэ 4 лінкоры, 3 лёгкія крэйсеры, эсмінец, 2 дапаможныя судны і звыш 100 самалётаў атрымалі пашкоджанні.
Загінула больш за 3 500 амерыканцаў. Японцы страцілі 29 самалётаў і 6 падводных лодак, звыш 70 самалётаў атрымалі пашкоджанні. Загінулі 64 японцы, адзін патрапіў у палон.
Пасля нападу, грамадская думка ў ЗША рэзка змянілася ў бок удзелу ў ваенных дзеяннях.
Прэзідэнт ЗША Ф. Рузвельт назваў 7 снежня 1941 года “шокам і днём нацыянальнай ганьбы”. Лозунг “Помні Перл-Харбар” быў вядучым у вайне супраць Японіі.
8 снежня вайну Японіі аб’явілі ЗША, Вялікабрытанія, Канада і шэраг іншых краін.
1943 год. Загінуў Вацлаў Іваноўскі.
Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.
Займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пецярбургу, у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, дзе праводзіў доследы над вырошчваннем цукровых буракоў у Віленскай губерні. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902), член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады.
Стварыў у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва – суполку «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906), кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільні. Зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы.
Удзельнік Усебеларускага з’езда (1917), міністр асветы ва ўрадзе БНР (1918), упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР. Пашыраў сетку беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў беларускім педінстытутам, загадваў кафедрай тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў Варшаўскай політэхнікі, кафедрай хімічнай тэхналогіі Віленскага універсітэта (1940-1941).
Пад час вайны быў бургамістрам Мінска (1942-1943), намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, узначальваў Беларускую народную самапомач.
Даследваў праблемы перапрацоўкі садавіны і гародніны, пякарства, спіртовыя і паліўныя сумесі як замяняльнікі традыцыйнага маторнага паліва, ачышчэння і выкарыстання фабрычных постцэлюлозных сцёкаў і іншыя.
Загінуў 7 снежня 1943 года ў выніку тэрарыстычнага замаху.
1948 год. У Магілёве і Магілёўскай вобласці ўтварыўся шматсутачны галалёд.
Ён захоўваўся на працягу рэкордных 105 гадзін.
1965 год. Усяленскі патрыярх Афінагор зняў анафему, якая была накладзена на каталіцкую царкву ў 1054 годзе.
Гэта адбылося паводле сумеснай каталіцка-праваслаўнай дэкларацыя папы рымскага Паўла VI і ўсяленскага патрыярха Афінагора I. Дэкларацыя адмяніла ўзаемныя адлучэнні 1054 года паміж Рымска-каталіцкай і Канстанцінопальскай праваслаўнай цэрквамі.
Нагадаем, што ў 1054 годзе адбыўся падзел хрысціянства на каталіцкую і праваслаўную канфесіі.
У дэкларацыі гаварылася аб “шкадаванні” ў сувязі з адлучэннямі 1054 года, што яны ёсць вынік “злоўжыванняў”. Адзначалася, што адлучэнні былі накіраваныя супраць канкрэтных асоб і не адносіліся да цэркваў. Абодва бакі заявілі аб «шкадаванні аб абразлівых словах і неабгрунтаваных абвінавачваннях».
1988 год. Адбыўся Спітакскі землятрус ў Арменіі.
Магутныя падземныя штуршкі магнітудай 6,8-7,2 пачаліся а 11:41 па мясцовым часе і за паўхвіліны разбурылі амаль усю паўночную частку Арменіі, ахапіўшы тэрыторыю з насельніцтвам каля 1 мільёна чалавек. У эпіцэнтры землятрусу – Спітаку – інтэнсіўнасць штуршкоў дасягнула 9-10 балаў (па 12-бальнай шкале MSK-64).
Падземныя штуршкі адчуваліся ў Ерэване і Тбілісі. Хваля, выкліканая землетрасеннем, абыйшла Зямлю і была зарэгістравана ў Еўропе, Азіі, Амерыцы і Аўстраліі.
Землятрус знішчыў каля 40% прамысловага патэнцыялу Армянскай ССР, дашчэнту разбурыў Спітак і 58 сёл, часткова – Ленінакан (цяпер Гюмры), Сцепанаван, Кіравакан (цяпер Ванадзор) і больш за 300 сёл.
19 000 чалавек сталі інвалідамі, загінулі больш за 25 000 (іншыя дадзеныя – да 150 000), 514 000 чалавек засталіся без прытулку. З-за рызыкі аварыі была спынена Армянская АЭС.
Буйнейшы забудоўшчык у Магілёўскім рэгіёне, абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва сістэматычна парушала заканадаўства аб дзяржаўных закупках…
Депутат Олег Дьяченко во время приема граждан в Осиповичах внезапно собрал вокруг себя много людей…
Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін…
Члены пролукашенковской партии «Белая Русь» будут пачками повышать квалификацию в Могилеве. Кривая благосостояния народа растет,…
Кіраўніцтва Горацкага райвыканкама правяло ўрачысты прыём для шматдзетных маці блізнятак, двайнятак і трайнятак. Жанчыны былі…
Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак. У былой палітзняволенай, што…