Дзень святога Мікалая (каталіцкая канфесія), Мікалайкі.
Найбольшую славу святому Мікалаю прынеслі яго незвычайная дабрыня і гатовасць заўсёды прыйсці на дапамогу бліжнім. У многіх каталіцкіх краінах існуе звычай рабіць дзецям падарункі, як гэта рабіў святы Мікалай. Атрымаць падарунак будуць радыя і дарослыя.
Святы Мікалай лічыцца апекуном падарожнікаў, дзяцей, дзяўчат на выданне, маракоў, рыбакоў, пекараў, вязняў, пастухоў. Ён ахоўвае хатнюю жывёлу ад хвароб і ваўкоў.
«На Мікалая пакінь воз, а закладзі сані», «Калі падае снег, то святы Мікалай трасе барадой». Святога Мікалая заклікалі і ва ўсіх нечаканых патрэбах, калі неабходна была дамамога гэтага цудоўнага святога.
Найстарэйшую выяву святога Мікалая можна ўбачыць у адным з касцёлаў у Бейруце – гэтая арабская фрэска паходзіць з VI ст. Асобе св. Мікалая прысвечана шмат выяваў у беларускім мастацтве, што сведчыць пра любоў і пашану да яго. Паводле слоў мастацтвазнаўцы А. Ярашэвіча, найбольшая колькасць такіх выяваў – у іканаграфічным жывапісе.
Святы Мікалай на Беларусі лічыцца найпершым пасля Маці Божай заступнікам за людзей перад Богам. У Беларусі захавалася больш за 1 000 абразоў Святога Мікалая, пераважна ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў.
Дзень Узброеных сіл Украіны.
Адзначаецца ў гэтым годзе на 286 дзень уварвання расійскіх войск на тэрыторыю краіны.
Узброеныя сілы забяспечваюць стрымліванне ўзброенай агрэсіі супраць Украіны і адпор ёй, ахову паветранай прасторы дзяржавы і падводнай прасторы ў межах тэрытарыяльных водаў Украіны.
У склад Узброенных Сіл Украіны ўваходзяць сухапутныя войскі, паветраныя сілы, Ваенна-марскія сілы.
Па ўкраінскіх дадзеных, на 4 снежня 2022 года, войскі Украіны знішчылі 91 150 акупантаў, танкаў ворага – 2922, баявых машын – 5892, артсістэм – 1908, рэактыўных сістэм – 395, сродкаў супрацьпаветранай абароны – 210, самалётаў – 281, верталётаў – 263, беспілотнікаў – 1573, крылатых ракет – 531, караблёў — 16, аўтамабіляў – 4479, спецтэхнікі – 163.
1240 год. Пасля працяглай аблогі мангола-татарскія войскі ўварваліся ў Кіеў.
Да гэтага манголы разбілі асноўныя сілы Уладзіміра-Суздальскай зямлі, разрабавалі гарады Паўночна-Усходняй Русі. Цяпер шлях Батыя ляжаў у паўднёвыя і заходнія землі. Першым захопленым горадам стаў памежны Пераслаў, затым Чарнігаў.
Батый не жадаў разбураць прыгожы горад і прапанаваў гараджанам здацца без бою. Аднак кіяўляне вырашылі біцца да смерці. Па сведчанні летапісца “адзін біўся з тысячай, а двое – з цемраю”.
Татарам прыйшлося выкарыстоўваць сценабітныя прылады. Праз правалы ў сценах манголы ўварваліся ў горад. 6 снежня 1240 гады пала апошні пункт абаронцаў – Дзесяцінная царква.
З 50 000 чалавек пасля пагрому ў горадзе засталося не больш за 2 000. Былі разбураны Успенскі, Сафійскі сабор, Траецкая надбрамная царква (цяпер галоўны ўваход у Лаўру), царква Спаса на Бераставе, Ірынінская і практычна ўсе кіеўскія вароты. Трагедыя адкінула Кіеў у развіціі на сотні гадоў. У 1654 годзе насельніцтва Кіева складала не больш за 6000 (у Мсціславе ў гэты час жыло каля 30 000).
1520 год. Нарадзілася Барбара Радзівіл.
Каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта II Аўгуста. “Чорная панна Нясвіжскага палаца”, “Джульета беларускага сярэднявечча”, “сярэднявечная Алена Прыгожая”.
Пачуцці Жыгімонта II Аўгуста да Барбары імкнуліся выкарыстаць для ўмацавання ўласных пазіцый яе браты Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны. Супраць шлюбу выступілі магнаты і шматлікая шляхта, незадаволеная ростам уплывовасці Радзівілаў, свякроў каралева Бона Сфорца.
Насуперак ўсім апанентам Барбара была каранавана 7 снежня 1550 года, але ў хуткім часе, 8 мая 1551 года, памерла. Верагодна, што яе атруцілі, але ёсць меркаванні, што прычынай яе смерці была анкалагічная хвароба.
Гісторыі рамантычнага кахання Барбары з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія мастацкія творы.
1705 год. У Гродна асвечаны касцёл Святога Францыска Ксаверыя, Фарны касцёл.
Асвячэнне правёў біскуп Тэадор Патоцкі ў прысутнасці караля Аўгуста ІІ і цара Пятра І. Кафедральны сабор Гродзенскай дыяцэзіі, помнік архітэктуры і дэкаратыўна-манументальнага мастацтва барока і ракако, адзін з сімвалаў каралеўскага горада.
У 1725 годзе на вежу-званіцу касцёла перанесены гадзіннік з вежы езуіцкага калегіума. Пасля скасаваня кляштару езуітаў, касцёл у 1788 годзе стаў фарным.
Касцёл уяўляе сабой трохнефавую купальную базіліку з трансептам, памерам у плане 30х60 м і вышынёй 65 м.
Фота: Малюнак Н.Орды
1800 год. Нарадзіўся Язэп Ходзька.
Беларускі геадэзіст, тапограф, географ, генерал-лейтэнант.
Праводзіў трыянгуляцыйныя работы на захадзе Латвіі, у Літве, у Гродзенскай і Мінскай губернях.
Лідары паўстання 1830-1831 гадоў меркавалі прызначыць яго камендантам Вільні. Пасля гэтага быў затраманы рускімі ўладамі і накіраваны на правядзенне тапаграфічных работ на Дунаі і Басфоры.
Склаў ваенны агляд румынскіх княстваў Малдавіі і Валахіі, правеў Закаўказскую трыянгуляцыю. Узнагароджаны вялікім Канстанцінаўскім медалём Рускага геаграфічнага таварыства.
Памёр 21 лютага 1881 года ў Тыфлісе.
1896 год. У Гродна нарадзіўся Восіп Любіч.
Французскі мастак, прадстаўнік Парыжскай школы.
Працаваў алеем і гуашшу, займаўся гравюрай. Творы экспанаваліся ў Нацыянальным музеі Бецалель ў Іерусаліме, у Мілане, Турыне і Нью-Ёрку. Удзельнічаў у групавых і персанальных выставах, у тым ліку выставах «Рускія мастакі Парыжскай школы» ў Музеі Сен-Дэні і ў Доме французскай думкі ў Парыжы, у галерэі «Motte».
Яго творы захоўваюцца ў музеях Лондана, Цюрыха, Нью-Ёрка і Тэль-Авіва, у калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі ў Парыжы, 14 твораў – у карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску.
Памёр 27 лістапада 1990 года.
Фота: аўтапартрэт В. Любіча з мадэллю
1921 год. Памёр Мікалай Янчук.
Беларускі і ўкраінскі навуковец-славіст, гісторык, этнограф, фалькларыст і літаратуразнавец.
Вывучаў гарадзішчы на Койданаўшчыне. Працаваў у Маскоўскім універсітэце, прафесарам кафедры беларускай літаратуры і этнаграфіі БДУ.
Адзін з заснавальнікаў часопісу «Этнографическое обозрение».
У 1918-1921 гадах чытаў курс беларускай і ўкраінскай літаратур у Маскоўскім універсітэце, удзельнічаў у рабоце камісіі па арганізацыі БДУ.
Член Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве, супрацоўнічаў з Беларускім нацыянальным камісарыятам і Беларускім пададдзелам аддзелу асветы нацыянальных меншасцяў Народнага камісарыяту асветы РСФСР.
Пісаў на беларускай, польскай і рускай мовах, валодаў палескай гаворкай.
1925 год. Адкрылася Першая Усебеларуская мастацкая выстаўка.
Была прысвечана юбілею рэвалюцыі 1905 года і 400-годдзю беларускага кнігадрукавання.
Экспазіцыя была размешчана ў Мінску, у будынку Камуністычнага ўніверсітэта па вул. Універсітэцкай, 27 (цяпер — вул. Кірава, 21) і ўключала больш за 1000 твораў. На выставе экспанаваліся ўзоры старажытнага мастацтва: крыж Ефрасінні Полацкай, копіі фрэсак полацкіх цэркваў, кніжныя выданні, эксклібрысы, абраз XVII стагоддзя «Ушэсце Гасподне» беларускай школы іканапісу (са Стэфанаўскай царквы XVII стагоддзя ў Слуцку).
Свае творы прадставілі і шматлікія мастакі, у тым ліку Леў Зевін, Абрам Бразер, Уладзімір Кудрэвіч, Леў Альпяровіч, Міхась Філіповіч, Гаўрыла Віер, Валянцін Волкаў, Генадзь Змудзінскі.
Фота: Абрам Бразер. Партрэт Іегуды Пэна, 1921.
1926 год. Адбылося Другое ўзбуйненне БССР. Тэрыторыя павялічылася на 15,7 тысяч км², насельніцтва на 649 000 чалавек.
Першае ўзбуйненне тэрыторыі БССР адбылося ў 1924 годзе. У яго выніку тэрыторыя краіны павялічалася з 52,4 да 110,6 тыс. км², а насельніцтва з 1,5 да 4,2 мільёна чалавек. Аднак Гомельскі і Рэчыцкі паветы заставаліся па-за межамі БССР.
Пасля дзяржаўнага перавароту ў Польшчы ў 1926 годзе і пагаршэння адносін з СССР саюзнае кіраўніцтва вырашыла другім узбуйненнем БССР актывізаваць беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі і паменшыць падтрымку польскіх улад насельніцтвам.
Менавіта таму ініцыятарам другога узбуйнення БССР быў Наркамзамежспраў СССР, які 8 верасня 1926 года прыняў пастанову аб неабходнасці настойваць у палітбюро ЦК УКП(б), каб Гомельскі і Рэчыцкі паветы былі далучаны да БССР.
Створаная камісія на чале з Я.Пэтэрсам знайшла на Гомельшчыне ў значнай ступені русіфікаванае насельніцтва.
Аднак ЦК КП(б) Беларусі здолеў пераканаць ЦК УКП(б) аб неабходнасці далучэння Гомельшчыны да БССР.
4 снежня 1926 года на аб’яднаным пленуме Гомельскага губернскага і гарадскога камітэтаў КП(б)Б выступіў сакратар ЦК УКП(б) М.Швернік, які праінфармаваў аб пастанове палітбюро далучыць Гомельскі і Рэчыцкі паветы да БССР.
Праз два дні адбылося другое узбуйненне БССР, у выніку якога тэрыторыя БССР павялічылася на 15,7 тысяч км² да 126,3 тыс. км² а насельніцтва падрасло на 649 000 чалавек да 4,9 мільёнаў.
1930 год. Рэпрэсіі ў БССР. Шэраг навукоўцаў пазбаўленыя звання акадэмікаў.
Звання акадэміка былі пазбаўлены «ворагі пралетарскай дыктатуры» Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Гаўрыла Гарэцкі і Аляксандр Дубах.
У 1930 годзе ў палітычнай справаздачы цэнтральнага камітэта XVI з’езда ВКП(б) І. Сталін заявіў: “Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва з’яўляюцца неабходным элементам наступлення…”.
Першай вялікай сфальсіфікаванай палітычна-крымінальнай справай стала справа “Саюза вызвалення Беларусі”. Яна пачалася 17 лютага 1930 года арыштам П. Ільючонка (1891-1945).
Па справе вясной – летам 1930 года было арыштавалі 108 дзеячаў беларускай навукі і культуры. Абвінавачанні ў належнасці да “Саюза” выстаўляліся і Я. Купалу, Я. Коласу.
1933 год. Нарадзілася Зінаіда Мажэйка.
Беларускі этнамузыказнаўца. Доктар мастацтвазнаўства. Заслужаны дзеяч мастацтваў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі.
Працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі ў галіне тэарэтычнай этнамузыкалогіі і практычнай фалькларыстыкі.
Пры яе рэжысуры зняты пяць дакументальных музычна-антрапалагічных кінафільмаў.
Да асноўных яе прац адносяцца: “Песенная культура Беларускага Палесся”, ”Песні беларускага Паазер’я”, “Песні Беларускага Падняпроўя”, “Каляндарна-песенная культура Беларусі…”, “Народна-песенная культура Беларусі ў агульнаславянскім кантэксце…” і іншыя.
Памерла 8 сакавіка 2014 года.
1947 год. Нарадзіўся Георгій Ліхтаровіч.
Беларускі фотамастак, літаратар.
Ілюстраваў першыя тамы «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», выкладаў фотаграфіку ў Тэатральна-мастацкім інстытуце.
Выдаў фотаальбом «Добры дзень, Беларусь», аўтар кніг вершаў, раманаў.
Прымаў удзел у фатаграфічных і мастацкіх выставах, пленэрах памяці Язэпа Драздовіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча. Удзельнічаў у перадачах беларускага Радыё Свабода.
Найбольш значныя выданні: «Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся», «Мастацтва, створанае народам», «Мінск», «Гродна», «Траецкае прадмесце», «Добры дзень, Беларусь», «Беларуская кафля», «Веткаўскі музей…», «Жывапіс Беларусі XII-ХVIII стагоддзяў», «Пластыка Беларусі XII-ХVIII стагоддзяў», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII-ХVIII стагоддзяў», «Іканапіс Беларусі XII-ХVIII стагоддзяў», «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка» і іншыя.
Буйнейшы забудоўшчык у Магілёўскім рэгіёне, абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва сістэматычна парушала заканадаўства аб дзяржаўных закупках…
Депутат Олег Дьяченко во время приема граждан в Осиповичах внезапно собрал вокруг себя много людей…
Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін…
Члены пролукашенковской партии «Белая Русь» будут пачками повышать квалификацию в Могилеве. Кривая благосостояния народа растет,…
Кіраўніцтва Горацкага райвыканкама правяло ўрачысты прыём для шматдзетных маці блізнятак, двайнятак і трайнятак. Жанчыны былі…
Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак. У былой палітзняволенай, што…