навіна дня

Дзень у гісторыі: 30 жніўня. Утворана Мінская беларуская школьная рада. Памёр паэт Паўлюк Трус. Абезгаловілі змоўнікаў, якія хацелі забіць караля. Міжнародны дзень ахвяр гвалтоўных знікненняў. Землятрус у Магілёве

Міжнародны дзень ахвяр гвалтоўных знікненняў.

Абвешчаны рэзалюцыяй Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у 2010 годзе.

Міжнародная канвенцыя аб абароне асобаў ад гвалтоўных знікненняў была прынятая 20 снежня 2006 года Генеральнай асамблеяй ААН.

Ею заяўлялася заклапочанасьць павелічэннем колькасці гвалтоўных або не добраахвотных знікненняў у свеце. Сярод іх называліся арышт, затрыманні і выкраданні. Занепакоенасць была выказаная ростам паведамленняў аб пераследзе, жорсткім абыходжанні і запалохванні, якія зазнаюць сведкі або сваякі зніклых асобаў.

Дакумент падпісалі амаль 100 дзяржаваў, 50 ужо ратыфікавалі. Беларусь падпісала канвенцыю, але не ратыфікавала.

У 1999 годзе ў Беларусі бясследна зніклі: былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка і віцэ-спікер Вярхоўнага Савета XIII склікання Віктар Ганчар, а таксама прадпрымальнік Анатоль Красоўскі ды былы асабісты аператар Лукашэнкі, аператар расійскага тэлеканалу ОРТ Дзмітрый Завадскі.

1481 год. Пакараныя смерцю на публічным абезгалоўліванні князі Іван Гальшанскі і Міхаіл Алелькавіч.

Іх звінавацілі ў змове супраць Караля польскага і Вялікага князя літоўскага Казіміра.

Змоўнікаў пакаралі ў Вільні.

Паводле адной версіі, змоўнікі збіраліся запрасіць караля ў Кобрын на вяселле, на якім забіць і ўзвесці на велікакняжацкі сталец Міхаіла Алелькавіча.

Паводле іншай версіі, забіць караля Казіміра хацелі, каб адарваць ад Вялікага Княства Літоўскага і далучыць да Маскоўшчыны землі да Бярэзіны.

1866 год. Нарадзіўся Канстанцін Скірмунт.

Гаспадарчы і палітычны дзеяч Беларусі і Польшчы, дыпламат.

Адзін з заснавальнікаў Гродзенскага таварыства сельскай гаспадаркі, Мінскага таварыства ўзаемнага страхавання, Краёвай партыі Літвы і Беларусі, Польскага нацыянальнага камітэту ў Парыжы.

У 1909–1917 гадах быў членам Дзяржаўнага савету ад Гродзенскай губерні.

Амбасадар Польшчы ў Італіі, Вялікабрытаніі, у 1921-1922 гадах міністр замежных спраў Польшчы.

1885 год. Памёр Юльян Корсак.

Паэт і перакладчык.

Блізкі сябар літаратараў Адама Міцкевіча і Антона Адынца.

Аўтар двух зборнікаў вершаў, сярод якіх былі творы з беларускай тэматыкай.

Развіваў рамантычны стыль лірычнай паэзіі, у якой выкарыстоўваў класічныя i беларускія фальклорныя матывы.

Некаторыя вершы пакладзены на музыку Станіславам Манюшкам.

1893 год. У Магілёве адбыўся землятрус.

Яго сіла клала 4 балы па шкале Рыхтэра.

Яшчэ фіксаваліся землятрусы 12 лістапада 1896 года, 4 балы, 4 сакавіка 1977, 4-5 балаў, 30 мая 1990, 3-4 балы.

1919 год. Утворана Мінская беларуская школьная рада.

Дзейнічала ў 1919-1920 гадах і стала асновай для стварэння Беларускай цэнтральнай школьнай рады.

У прэзідыум Рады ўваходзілі Сымон Рак-Міхайлоўскі (старшыня), Вацлаў Іваноўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Аркадзь Смоліч.

Рада кіравала дзейнасцю беларускіх навучальных устаноў Мінскай губерні, стварала беларускія школы і культурна-асветныя гурткі, павятовыя і валасныя беларускія школьныя рады, арганізавала ў Мінску і Слуцку беларускія настаўніцкія курсы.

Намагалася стварыць беларускі нацыянальны ўніверсітэт.

Спыніла дзейнасць у ліпені 1920 году з прыходам бальшавікоў.

1929 год. Памёр Паўлюк Трус.

Паэт, публіцыст. Сябра літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум, у якім наведваў лекцыі Якуба Коласа, Міхайлы Грамыкі, Усевалада Ігнатоўскага, сустракаўся з Янкам Купалам.

Быў пастаянным удзельнікам студэнцкага хору, пастановак п’ес.

Займаўся апрацоўкай фальклорна-паэтычных матэрыялаў для кампазітараў.

Выдаў два зборнікі паэзіі «Вершы», суаўтар серыі літаратурных пародыяў.

Пасмяротна выйшлі «Творы» (1935), кнігі Выбраных твораў (10 выданняў, у 1931-1979), «Новай квадры настаў маладзік» (вершы і паэмы, 1984).

Для дзяцей была выдадзеная кніга паэзіі «Падаюць сняжынкі» (1983).

У гонар Паўлюка Труса названыя вуліцы ў Мінску і Уздзе.

1954 год. Нарадзіўся Аляксандр Лукашэнка.

Палітык. 

У 1994 годзе абраны прэзідэнтам Рэспублікі Беларусі. У выніку рэферэндумаў працягнуў свае паўнамоцтвы і дамогся фактычна пажыццёвага кіравання краінаю.

У 2020 годзе адбыліся масавыя пратэсты супраць вынікаў чарговых прэзідэнцкіх выбараў, на якіх абвясцілі Лукашэнку пераможцам. Пратэсты былі жорстка здушаныя. Рэпрэсіі трываюць дагэтуль. Лукашэнка не прызнаны кіраўніком дзяржавы краінамі Захаду.

Лукашэнка скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытуту і Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.

Працаваў на партыйных, адміністрацыйных пасадах у Шклове і Шклоўскім раёне.

1975 год. Нарадзілася Наталля Цылінская.

Веласіпедыстка, палітык.

Васьміразовая чэмпіёнка свету, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2004. Заслужаны майстар спорту Беларусі.

Член Канстытуцыйнай камісіі па змяненні Канстытуцыі Беларусі.

2009 год. На Radom Air Show у польскім Радаме разбіўся беларускі знішчальнік СУ-27 з 61-авіябазы з-пад Баранавічаў.

Загінулі два лётчыкі-беларусы: палкоўнікі Аляксандр Жураўлевіч і Аляксандр Марфіцкі.

Жураўлевіч быў кіраўніком другой у гісторыі Беларусі авіяцыйнай акрабатычнай групы «Крылы Беларусі», якую створанылі ў 2009 годзе.

Лётчыкі выконвалі складаную фігуру пілатажу.

Пілотам загадалі катапультавацца, але яны не падпарадкаваліся, бо самалёт быў заблізка да гледачоў і жылых пабудоў. Машына абрынулася за 100 метраў ад дамоў.

Рашэннем Рады гміны Гузд у 2010 годзе каля Радаму паставілі помнік беларускім лётчыкам.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Апошнія навіны

Магілёўскае упраўленне капітальнага будаўніцтва злавілі на маніпуляцыях пры закупках

Буйнейшы забудоўшчык у Магілёўскім рэгіёне, абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва сістэматычна парушала заканадаўства аб дзяржаўных закупках…

22 кастрычніка, 2024

Магия черная и белая – как депутат Дьяченко принимал граждан в Осиповичах

Депутат Олег Дьяченко во время приема граждан в Осиповичах внезапно собрал вокруг себя много людей…

22 кастрычніка, 2024

Два пенсіянеры за адзін дзень загінулі на пажарах у Клічаўскім раёне

Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін…

22 кастрычніка, 2024

В Могилеве заработала партийная школа, где готовят фальсификаторов выборов

Члены пролукашенковской партии «Белая Русь» будут пачками повышать квалификацию в Могилеве. Кривая благосостояния народа растет,…

21 кастрычніка, 2024

У “цёплай і душэўнай абстаноўцы”, але з пустымі кубкамі віншавалі ў Горках з Днём маці

Кіраўніцтва Горацкага райвыканкама правяло ўрачысты прыём для шматдзетных маці блізнятак, двайнятак і трайнятак. Жанчыны былі…

15 кастрычніка, 2024

У Магілёве апячаталі кватэру былой палітзняволенай Анастасіі Булыбенка

Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак. У былой палітзняволенай, што…

14 кастрычніка, 2024