Навіны

Дзень у гісторыі. 29 мая. Падзенне Канстантынопаля. Трагедыя ў Бруселі. МТЗ, БелАЗ. Нарадзілася С. Зелянкоўская.

Міжнародны дзень міратворцаў ААН (з 2002 года).

У гэты дзень у 1948 годзе першая міратворчая місія “Орган ААН па назіранні за выкананнем умоў перамір’я” пачала аперацыі ў Палестыне.

У 1988 годзе міратворчым сілам ААН была прысуджана Нобелеўская прэмія міру. 

У Беларусі існуе міратворчая рота. 2 жніўня 2010 года беларускія вайскоўцы былі скіраваны для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міра і бяспекі ў Ліванскай Рэспубліцы ў колькасці 9 чалавек.

Аперацыі ААН па падтрыманні міру выкарыстоўваюць гэты Дзень для ўмацавання сувязяў з мясцовым насельніцтвам, інтарэсы якога яны абараняюць. Місіі арганізуюць спартыўныя мерапрыемствы, наведванні школ і прытулкаў, мастацкія і літаратурныя конкурсы, фотавыставы, уборку тэрыторый, пасадку дрэў, праводзяць канцэрты, канферэнцыі і семінары па пытаннях падтрымання міру.

1453 год. Падзенне Канстантынопаля.

Захоплены войскамі султана Асманскай імперыі Мехмеда II. Гэтым быў пакладзены канец 1100-гадовай гісторыі хрысціянскай Візантыйскай імперыі. 

Пра падзеі 1453 года «Хроніка Быхаўца» сціпла паведамляе: “29 мая туркі ўзялі Царград”.

Беларускія летапісы адзначалі, што гэты год выдзяляўся непагаддзю. Хрысціяне звязвалі падзенне Канстанцінопаля з гневам Божым, аднак сучасныя даследчыкі бачаць прычыну таксама і ў прыродных фактарах: у халодныя, неўрадлівыя, галодныя гады абаронцы не мелі дастаткова запасаў збожжа. Сонца на небе над горадам пастаянна мела выражаны бардовы колер – колер крыві. Гэта моцна ўплывала на маральны стан абаронцаў сталіцы Візантыі. Яны не маглі ведаць, што сонца стала чырвоным ад вялікіх мас попелу, якія ўзняліся ў зямную атмасферу пасля выбуху вулкана на другім баку планеты.

1565 год. Памёр Мікалай Радзівіл «Чорны» (1515-1565).

Вялікалітоўскі дзяржаўны, палітычны, культурны і рэлігійны дзеяч, князь Свяшчэннай Рымскай імперыі. Мянушку «Чорны» атрымаў з-за колеру сваёй барады, чым адрозніваўся ад свайго стрыечнага брата Мікалая Радзівіла Рудога.

Удзельнічаў у вайне з Маскоўскай дзяржавай 1534-1537 гадоў. Узначальваў Раду ВКЛ і соймы, канцлер ВКЛ, ваявода Віленскі. Выступаў за суверэннасць ВКЛ у саюзе з Польшчай, спрыяў уключэнню Лівонскага ордэна ў склад ВКЛ, узначальваў правядзенне аграрнай рэформы (валочнай памеры).

Першым з магнатаў прыняў Рэфармацыю, прапагандаваў кальвінізм у ВКЛ, апекваў друкарні ў Нясвіжы, пры Берасцейскім зборы, у якой выйшла ў 1563 годзе «Радзівілаўская Біблія».

Валодаў вялікімі латыфундыямі ў Беларусі.

1920 год. У Навазыбкаве (зараз – Бранская вобласць Расіі) бальшавікамі расстраляны Фабіян Шантыр (1887-1920).

Беларускага літаратар і дзяржаўны дзеяч. Быў жанаты на Зосьцы Верас. 

У 1914-1917 гадах служыў наглядчыкам палявога ваеннага шпіталю ў Бабруйску. 

Лідар левага крыла Беларускай сацыялістычнай грамады, член Беларускіх нацыянальных арганізацый, Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый, загадчык Смаленскага аддзялення Белнацкаму, камісар па нацыянальных справах Часовага ўраду БССР, супрацоўнік Менскага губернскага ваеннага камісарыяту і Асобай харчовай камісіі Заходняга фронту.

Гісторык В. Скалабан распавядае: “Расстралялі яго за тое, што ён нібыта прыпісаў сабе партыйны стаж і не мог даказаць, што сядзеў у царскай турме ў 1905 годзе. І за дыскрэдытацыю савецкай улады. Але, па сутнасці, за тое, што ён – некіравальны беларускі дзеяч”

1933 год. Нарадзіўся Мікола Гайдук (1933-1998).

Беларускі пісьменнік, журналіст, краязнавец, настаўнік. Заслужаны дзеяч культуры Польшчы.

Выкладчык і дырэктар беларускага ліцэя імя Б. Тарашкевіча ў Бельску Падляскім, працаваў у газеце «Ніва» (Беласток).

Аўтар зборніка вершаў на беларускай мове, апавяданняў, аповесцей і гістарычных эсэ, казак. Перакладчык паэзіі з польскай на беларускую мову.

Апублікаваў каля 600 уласных запісаў беларускіх песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік.

Сабраў у наваколлі Белавежы і апрацаваў зборнік беларускіх народных казак, легенд і паданняў «Аб чым шуміць Белавежская пушча».

Суаўтар падручнікаў па беларускай мове для 3-5 класаў (1962-1987) і «Граматыкі беларускай мовы для 5-8 класаў беларускай пачатковай школы» (1975).

Памёр 2 верасня 1998 года.

1939 год. Нарадзілася Людміла Пісарава (1939-2011).

Беларуская актрыса, Заслужаная артыстка, кавалер Ордэна Ф. Скарыны.

Скончыла студыю пры Беларускім тэатры імя Я. Коласа, у якім прапрацавала ўсё жыццё.

Іграла ролі ў тэатральных пастаноўках па творах І. Шамякіна, А. Петрашкевіча, А. Дударава, М. Матукоўскага, В. Вольскага, рускіх, замежных класікаў, знялася ў шэрагу кінафільмаў, у тым ліку ”Плач перапёлкі”, “З юбілеем пачакаем”, “Палеская хроніка”, “Людзі на балоце”.

Памерла 23 мая 2011 года.

1945 год. У Копысі нарадзіўся Аляксей Кароль (1945-2015).

Беларускі грамадскі дзеяч, гісторык, кандыдат гістарычных навук, журналіст, рэдактар газеты “Новы час” (2007-2015).

Аўтар манаграфіі пра Ўсевалада Ігнатоўскага, прац пра рэабілітацыю Зміцера Жылуновіча, пра “нацдэмаў”, рэпрэсаваных у 1920-1930-я гады. Сузаснавальнік Партыі народнай згоды. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года быў даверанай асобай А. Казуліна.

Памёр 12 верасня 2015 года ў Сінгапуры.

1946 год. Савет міністраў СССР прыняў Пастанову № 1142 “Аб будаўніцтве Мінскага трактарнага завода”.

У 1990 годзе МТЗ выпускаў 110 000 трактараў (кожны 10-ы у свеце). Зараз у год выпускае каля 30 тысяч колавых, гусенічных трактараў. Працуе каля 15 000 чалавек, магутнасць – 71 000 трактараў ў год.

На экспарт пастаўлена больш за 2,6 мільёнаў трактараў у больш чым 100 краін свету. У лютым 2022 года выпушчаны чатырохмільённы трактар.

1965 год. Прынята рашэнне Савета Міністраў СССР аб пачатку будаўніцтва ў Магілёве камбіната сінтэтычнага валакна.

Першая прадукцыя беларускага лаўсану была атрымана 5 лістапада 1968 года. Першая чарга камбіната пабудавана 9 ліпеня 1971. 

У склад аб’яднання ВА “Хімвалакно”, створанага 21 ліпеня 1975 года, увайшлі Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна (галаўное прадпрыемства) і Магілёўскі завод штучнага валакна (ліквідаваны ў 2012 годзе). 

У 1980-1990-я гады на аб’яднанні працавала да 25 000 чалавек, зараз менш за 5000. 

Рэзідэнт Вольнай эканамічнай зоны “Магілёў”. Адзіны ў краіне буйны вытворца дыметылтэрэфталату, поліэфірнага грануляту ПЭТ, у тым ліку харчовага прызначэння, поліэфірных валокнаў і нітак і асноўны пастаўшчык сыравіны для лёгкай прамысловасці.

На мінулым тыдні прадпрыемства прайграла чарговы, трэці за апошнія тры месяцы, пазоў у Арбітражным судзе Масквы. Агульная сума грашовых прэтэнзій, запатрабаваная з сакавіка па май 2023 года расійскімі кампаніямі з ААТ “Магілёўхімвалакно”, складае звыш $3,4 млн і каля 23 млн расійскіх рублёў.

Усе тры справы, прайграныя ў першай інстанцыі, звязаны з запазычанасцю перад пастаўшчыкам па кантрактах 2021 і 2022 гадоў. Як вынікае з матэрыялаў спраў, грошы праз суд спрабуюць вярнуць маскоўскія кампаніі “ЛКМ і Тэхналогіі”, “Панамарыкс” і “Афіва”.

1975 год. На Беларускім аўтазаводзе пачалася вытворчасць самага буйнога ў СССР грузавіка.

Ім стаў “БелАЗ-7520” грузападымальнасцю 110 т (на фота).

На сёння, у ТОП-5 сусветных вытворцаў суперсамазвалаў уваходзяць: БелАЗ 75710, 496 т; амерыканскі Terex MT 6300AC, 400 т; нямецкі Liebherr T 284, 400 т; японскі Komatsu 980E-4, 360 т; амерыканскі Caterpillar 797F, 345 т.

1977 год. Нарадзілася Святлана Зелянкоўская.

Беларуская актрыса. Былая жонка спявака Сяргея Міхалка. 

Працавала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. У ліпені 2017 года сышла з тэатру. 

Вядома гледачам па ролях ў фільмах “Казка пра зорнага хлопчыка”, “Ідзі і глядзі”, “Каменская” (тэлесерыял), “Анастасія Слуцкая” (роля княгіні Анастасіі).

1985 год. Трагедыя на брусельскім стадыёне “Эйзель”.

Перад фіналам Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў па футболе паміж англійскім “Ліверпулем” і італьянскім “Ювентусам” фанаты “Ліверпуля” справакавалі бойку з італьянскімі балельшчыкамі. Яшчэ да пачатку гульні паміж італьянскімі і англійскімі фанатамі адбылося сутыкненне, якое перарасло ў крывавую трагедыю. Арганізатары матча дапусцілі небяспечную памылку – балельшчыкі сапернічаючых каманд не былі аддзелены адзін ад аднаго належным чынам.

Хто менавіта пачаў першым бойку засталося нявысветленым. Сярод балельшчыкаў узнікла паніка, яны пабеглі. Пад напорам натоўпу павалілася бетонная сцяна, якая агароджвала сектары, пабудаваная яшчэ ў 1920-я гады. Пад яе абломкамі і ад раненняў падчас бойкі загінулі 39 чалавек, звыш 400 атрымалі траўмы.

Матч пачаўся з затрымкай на 1,5 гадзіны. Яго хацелі нават адмяніць, але, каб пазбегнуць новых інцыдэнтаў, гульня адбылася. З лікам 1:0 выйграў “Ювентус”.

Каб перакрэсліць адну з самых чорных старонак у гісторыі сусветнага футбола, у тым жа годзе стары стадыён знеслі, а на яго месцы пабудавалі сучасны “Кароль Бадуэн”, а ў маі 2005 года быў адкрыты помнік 39 загінуўшым футбольным балельшчыкам. Каля манумента запалілі 39 свечак, і на новай перабудаванай сцяне былі высечаны словы: “У памяць аб 29/05/85”.

1994 год. Памёр магілёўскі скульптар Віктар Байцун (1941-1994).

Сярод яго прац бронзавыя мемарыяльныя шыльды ў гонар М. Крыленкі і генерала М. Раманава на вуліцах, названых іх імёнамі.

2008 год. Памёр ураджэнец в. Красная Кіраўскага раёна Валянцін Рабцэвіч (1934-2008).

Беларускі археолаг і нумізмат. Доктар гістарычных навук, прафесар БДУ. Адзін з заснавальнікаў беларускай нумізматыкі.

Вывучаў гісторыю грашовага звароту ВКЛ і Рэчы Паспалітай, тапаграфію манетных скарбаў на Беларусі.

Аўтар класічных манаграфій «О чем рассказывают монеты», «Нумизматика Беларуси», «Российско-польские монетные эмиссии эпохи Петра I», больш 70 навуковых прац і 300 навукова-папулярных артыкулаў у перыёдыцы і эцыклапедычных выданнях.

На аснове ўласнай калекцыі манет стварыў нумізматычны кабінет БДУ.

Прадстаўляў Беларусь у Нумізматычнай камісіі Нацыянальнага камітэта гісторыкаў СССР.

Дзякуючы яго намаганням на Беларусі засталася частка ўнікальнага грашова-рэчавага скарбу ХV стагоддзя (сярод рэчаў і «пояс Вітаўта»).

 

Апошнія навіны

Магілёўскае упраўленне капітальнага будаўніцтва злавілі на маніпуляцыях пры закупках

Буйнейшы забудоўшчык у Магілёўскім рэгіёне, абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва сістэматычна парушала заканадаўства аб дзяржаўных закупках…

22 кастрычніка, 2024

Магия черная и белая – как депутат Дьяченко принимал граждан в Осиповичах

Депутат Олег Дьяченко во время приема граждан в Осиповичах внезапно собрал вокруг себя много людей…

22 кастрычніка, 2024

Два пенсіянеры за адзін дзень загінулі на пажарах у Клічаўскім раёне

Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін…

22 кастрычніка, 2024

В Могилеве заработала партийная школа, где готовят фальсификаторов выборов

Члены пролукашенковской партии «Белая Русь» будут пачками повышать квалификацию в Могилеве. Кривая благосостояния народа растет,…

21 кастрычніка, 2024

У “цёплай і душэўнай абстаноўцы”, але з пустымі кубкамі віншавалі ў Горках з Днём маці

Кіраўніцтва Горацкага райвыканкама правяло ўрачысты прыём для шматдзетных маці блізнятак, двайнятак і трайнятак. Жанчыны былі…

15 кастрычніка, 2024

У Магілёве апячаталі кватэру былой палітзняволенай Анастасіі Булыбенка

Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак. У былой палітзняволенай, што…

14 кастрычніка, 2024