Сусветны дзень інфармацыі (World Information Day, з 1994 года).
Праводзіцца па ініцыятыве Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі, якая мае генеральны кансультатыўны статус у Эканамічным і Сацыяльным саветах ААН.
Інфармацыя – гэта сукупнасць ведаў, звестак, навін, якія пастаянна паступаюць і абнаўляюцца на працягу ўсяго жыцця чалавека.
Інфармацыя заўсёды гуляла ў жыцці чалавецтва вельмі важную ролю. Аднак, з сярэдзіны ХХ стагоддзя ў выніку сацыяльнага прагрэсу і бурнага развіцця навукі і тэхнікі роля інфармацыі невымерна ўзрасла. Акрамя таго, адбываецца лавінападобнае нарастанне масы разнастайнай інфармацыі, якое атрымала назву “інфармацыйнага выбуху”.
Міжнародны дзень шаўца (сапожніка).
Абутак – гэта люстэрка душы. Яго вонкавы выгляд можа шмат распавесці аб характары чалавека, яго густах і перавагах.
Выраб абутку і яго папраўка – вельмі старажытнае рамяство, і першапачаткова праца шаўца была выключна ручной працай, прычым вельмі нялёгкай.
Гісторыкі лічаць, што першы абутак з’явіўся 26-30 тысяч гадоў таму на захадзе Еўразіі. Абутак выраблялі з драўнянай кары, чароту, папірусу, лыка, саломы, грубай тоўстай пражы, з дрэва (японцы да гэтага часу носяць гэта – драўляныя сандалі).
У ЗША, у пячоры Ламас у штаце Невада археолагі знайшлі сапраўдны склад старажытнага абутку – 300 пар плеценых з травы сандаляў узростам 9000 гадоў. Цяпер такія ж плятуць для турыстаў.
Самы старажытны абутак знойдзены ў Арменіі пры раскопках пячоры Арэні ў верасні 2008 года – узрост больш як 5500 гадоў.
Найстаражытнейшыя чаравікі выяўлены на нагах муміфікаванага трупа мужчыны, які загінуў 5300 гадоў таму і быў празваны Этцы. Труп знойдзены ў 1991 годзе ў Эцтальскіх Альпах, на мяжы паміж Аўстрыяй і Італіяй.
1805 год. Нарадзіўся Яўстафій Янушкевіч.
Кнігавыдавец, публіцыст, адзін з кіраўнікоў паўстання 1830-1831 гадоў.
Заснаваў і выдаваў у Парыжы газету «Польскі пілігрым», якую з 1832 года рэдагаваў Адам Міцкевіч.
Сабраў падарожныя нататкі свайго брата Адольфа Янушкевіча, якія Ф. Ўратноўскі апублікаваў пад назвай «Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў».
Аўтар успамінаў.
1812 год. Пачалася пераправа Напалеона праз Бярэзіну. Пачатак бітвы на Бярэзіне.
Адбывалася 26–29 лістапада 1812 года паміж францускімі карпусамі і рускімі арміямі Чычагава і Вітгенштэйна на абодвух берагах ракі Бярэзіна у час пераправы Напалеона.
Вынікі: стратэгічная перамога Францыі – большай частцы Вялікай арміі ўдалося перасекчы раку, тактычная перамога Расіі, якая нанесла значныя страты французскай арміі.
Нягледзячы на агулам удалую для французаў пераправу і бітву на Бярэзіне, у грамадскай свядомасці французаў яна адбілася як найярчэйшы, калі не кульмінацыйны, эпізод няўдалай расійскай кампаніі, таму слова «бярэзіна» ўжываецца як сінонім правалу ці катастрофы, цяпер звычайна спартыўнай або палітычнай.
1855 год. Памёр ураджэнец Беларусі Адам Міцкевіч.
Польскі паэт, публіцыст, асветнік. Дзеяч нацыянальна-вызваленчага польскага руху, сябар Таварыства філаматаў.
Вядомы перадусім сваімі баладамі, паэтычнымі апавяданнямі: драмай «Дзяды» і паэтычнай эпапэяй «Пан Тадэвуш», якая прызнаная апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры. Сярод іншых уплывовых твораў Міцкевіча вылучаюцца паэмы «Конрад Валенрод» і «Гражына».
Сябар дзекабрыстаў К. Рылеева, А.Бястужава, пісьменнікаў і паэтаў А. Пушкіна, А. Дэльвіга, І. Кірэеўскагаі, Д. Венявіцінава, Я. Баратынскага, А. Янушкевіча, П. Вяземскага і іншых.
За сваю антыўрадавую палітычную дзейнасць правёў у ссылцы ў цэнтральнай Расіі пяць гадоў, пакінуў Расійскую імперыю ў 1829 годзе і правёў рэшту свайго жыцця ў выгнанні, першапачаткова асеўшы ў Рыме, затым перабраўшыся ў Парыж, дзе ён стаў прафесарам славянскай літаратуры ў «Калеж дэ Франс». У Парыжы сустракаўся з Фрыдэрыкам Шапенам.
Памёр у Канстанцінопалі, куды прыехаў аказваць дапамогу ў арганізацыі польскіх войскаў для барацьбы з Расійскай імперыяй у Крымскай вайне.
Яго парэшткі пазней былі перавезеныя ў Вавельскі сабор у Кракаве.
1864 год. памёр Тэадор Нарбут.
Беларуска-польска-літоўскі гісторык, археолаг, інжынер.
Удзельнічаў у расійска-пруска-французскай (1806-1807) і расійска-шведскай (1808-1809) войнах як ваенны інжынер. Удзельнік праектавання і будаўніцтва Бабруйскай крэпасці.
Даследчык гісторыі ВКЛ, праводзіў археалагічныя раскопкі ў Падняпроўі і Панямонні, аўтар «Гісторыі літоўскага народа», дзе, разам з іншым, апісаны народныя абрады беларусаў Лідчыны.
Першы на Беларусі даў вызначэнне курганам як месцам старажытных пахаванняў. Сцвярджаў, што дрыгавічы невядомага паходжання жылі каля Кіева. Даследаваў Лідскі замак, надрукаваў артыкулы пра Ліду, Навагрудак, Індуру і іншыя. Увёў у навуковы ўжытак «Хроніку Быхаўца» (1846).
Меў багатую калекцыю археалагічных матэрыялаў.
Быў арыштаваны ў сувязі з падзеямі паўстання 1863-1864 гадоў.
1891 год. Нарадзіўся Ян Станкевіч.
Беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч.
Доктар славянскай гісторыі і філалогіі. Працаваў у газеце «Наша ніва», выдаваў часопіс «Веда», «Незалежнік», супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва і яго выданнем «Запісы», часопісам «Сяўбіт», газетай «Бацькаўшчына» (Мюнхен), «Беларус» (Нью-Ёрк) і іншымі.
Пасол Сейму Польшчы. Член Беларускай народнай самапомачы, Беларускай незалежніцкай партыі, навуковага аддзела Беларускай цэнтральнай рады.
Удзельнічаў у працы Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларуска-амерыканскага звязу, сузаснавальнік Вялікалітоўскага фонду імя Л. Сапегі.
Памёр 16 ліпеня 1976 года ў ЗША.
1907 год. Нарадзіўся Міхась Скрыпка.
Беларускі пісьменнік-сатырык, драматург.
Працаваў настаўнікам у школах Магілеўшчыны і Міншчыны, намеснікам дырэктара бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР.
Аўтар зборнікаў баек, вершаў, мініяцюр, аповесцей, апавяданняў і гумарэсак, кніжак антырэлігійных нарысаў, кніг апавяданняў для дзяцей, выбраных твораў.
Выступаў і як драматург. Аўтар сцэнарыя тэлекамедыі «Акадэмік», звыш 30 аднаактовых п’ес, камедый для мастацкай самадзейнасці
Перакладаў з рускай і ўкраінскай моў. Пераклаў асобныя вершы А. Твардоўскага, С. Маршака, С. Міхалкова, А. Барто і іншых.
Памёр 8 кастрычніка 1991 года.
1918 год. Нарадзіўся Уладзімір Шахавец.
Беларускі перакладчык і пісьменнік. Заслужаны работнік культуры.
Скончыў Магілеўскі рабфак (1937), БДУ.
Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», выдавецтвах «Беларусь», «Мастацкая літаратура».
Аўтар зборнікаў аповесцей, апавяданняў, вершаў, кніг перакладаў, для дзяцей, Выбраных твораў у 2 тамах.
На беларускую мову пераклаў паэмы «Мцыры» і «Ізмаіл-бей» М. Лермантава, шэраг вершаў А. Пушкіна, М. Някрасава, У. Маякоўскага, сучасных рускіх, украінскіх, многіх пісьменнікаў і паэтаў народаў Еўропы, СССР, у тым ліку «Корцік» А. Рыбакова, трагедыю У. Шэкспіра «Макбет», асобныя творы англійскіх, французскіх, венгерскіх, сербскіх, славацкіх паэтаў.
Памёр 8 чэрвеня 1991 года.
1930 год. Нарадзіўся Уладзімір Караткевіч.
Беларускі пісьменнік, паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры.
Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Найбольш вядомыя яго творы: «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», «Зямля пад белымі крыламі»...
Па яго творах створаны 9 мастацкіх, 3 дакументальных стужкі і мультфільм.
Імя пісьменніка прысвоена бібліятэкам у Віцебску, Наваполацку, Оршы, Таліне, вуліцам ў Астраўцы, Віцебску, Гродне, Рагачове, Століне, Оршы. У Оршы адкрыты музей. Пастаўлены помнікі ў Віцебску, Оршы, Кіеве. У Оршы, Мінску ўсталяваны мемарыяльныя шыльды.
Існуюць яго імя Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Памёр 25 ліпеня 1984 года.
1934 год. У в. Красная Кіраўскага раёна нарадзіўся Валянцін Рабцэвіч.
Беларускі археолаг і нумізмат. Доктар гістарычных навук, прафесар БДУ. Адзін з заснавальнікаў беларускай нумізматыкі.
Вывучаў гісторыю грашовага звароту ВКЛ і Рэчы Паспалітай, тапаграфію манетных скарбаў на Беларусі.
Аўтар класічных манаграфій «О чем рассказывают монеты», «Нумизматика Беларуси», «Российско-польские монетные эмиссии эпохи Петра I», больш 70 навуковых прац і 300 навукова-папулярных артыкулаў у перыёдыцы і эцыклапедычных выданнях.
На аснове ўласнай калекцыі манет стварыў нумізматычны кабінет БДУ.
Дзякуючы яго намаганням на Беларусі засталася частка ўнікальнага грашова-рэчавага скарбу ХV стагоддзя (сярод рэчаў і «пояс Вітаўта»).
Памёр 29 мая 2008 года.
1943 год. Ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вызвалены горад Гомель.
Першы вызвалены абласны цэнтр Беларусі.
Горад быў пад акупацыяй з 19 жніўня 1941 года.
Габрэі, якія складалі ў горадзе 29,4% насельніцтва, амаль цалкам былі забітыя ў гета.
Горад вызвалены войскамі Беларускага фронта пад камандаваннем К. Ракасоўскага.
Горад быў разбураны болей чым на 80%, амаль цалкам страціў прамысловыя прадпрыемствы.
Буйнейшы забудоўшчык у Магілёўскім рэгіёне, абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва сістэматычна парушала заканадаўства аб дзяржаўных закупках…
Депутат Олег Дьяченко во время приема граждан в Осиповичах внезапно собрал вокруг себя много людей…
Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін…
Члены пролукашенковской партии «Белая Русь» будут пачками повышать квалификацию в Могилеве. Кривая благосостояния народа растет,…
Кіраўніцтва Горацкага райвыканкама правяло ўрачысты прыём для шматдзетных маці блізнятак, двайнятак і трайнятак. Жанчыны былі…
Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак. У былой палітзняволенай, што…