навіна дня

Дзень у гісторыі: 16 верасня. Гадавіна знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Нарадзіліся: дзеячы беларускага руху Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Антон Баліцкі ды кінарэжысёр Віктар Дашук. Памёр дзеяч беларускага руху ў міжваеннай Польшчы Сяргей Паўловіч. Міжнародны дзень аховы азонавага слою

Міжнародны дзень аховы азонавага слою.

Адзначаецца ад 1994 году з ініцыятывы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

16 верасня 1987 года 36 краін падпісалі дакумент, згодна з якім краіны-ўдзельніцы меліся абмежаваць і цалкам спыніць вытворчасць азонаразбуральных рэчываў. У 1994-ым 16 верасня абвясцілі Днём аховы азонавага слою.

Азонавы слой Зямлі мае таўшчыню 5 сантыметраў і паглынае біялагічна актыўнае сонечнае выпраменьванне і інфрачырвоныя хвалі, забяспечвае ўмовы для існавання ўсіх жывых арганізмаў.

У сучасным свеце назіраецца рэзкае падзенне зместу азону ў зямной атмасферы, ствараюцца «азонавыя дзіркі».

Згодна з графікам паэтапнай адмовы ад азонаразбуральных рэчываў развітыя краіны павінны спыніць іх выкарыстанне да 2030 году, а ўсе астатнія – да 2040.

1668 год. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян Казімір Ваза адрокся ад гаспадарання ў краі.

Ён – апошні кароль і вялікі князь з дынастыі Вазаў.

У час яго панавання адбыліся разбуральныя войны з Маскоўскай дзяржавай, казакамі, Швецыяй.

Пры ім былі страчана Прусія, Смаленскае ваяводства, Кіеў і левабярэжная Украіна.

Агульны гаспадарчы заняпад дзяржавы, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнароднага становішча, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай прывялі да адрачэння яго ад трону і эміграцыі ў Францыю.

1697 год. Аўгуст Моцны стаў каралём польскім і вялікім князем літоўскім.

Курфюрст саксонскі. Быў каралём польскім і вялікім князем літоўскім у 1697-1706 і 1709-1733 гадах.

Як саюзнік Пятра I, уцягнуў Рэч Паспалітую ў Паўночную вайну, што прывяло да баявых дзеянняў на тэрыторыі краіны, вялікіх страт беларускага насельніцтва, заняпаду краіны.

Пры ім пачалося актыўнае ўмяшанне Расіі, Прусіі, Аўстрыі і Францыі ва ўнутраныя справы, над краінай была ўстаноўлена пратэкцыя Расіі.

Была максімальна абмежавана колькасць войскаў – Польшчы да 18 тысяч і ВКЛ да 6 тысяч.

Кароль больш клапаціўся пра развіццё Саксоніі, і Рэч Паспалітую падпарадкоўваў гэтым мэтам.

1781 год. Рускім Сенатам зацверджаны новы герб Магілёва «яздзец на кані ў чырвоным полі».

Магілёў вярнуў сабе герб з элементам былога дзяржаўнага герба «Пагоня».

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай, у 1772-1781 гадах, выява «Пагоні» на гарадскім гербе расійскай уладаю была замененая двухгаловым арлом.

1859 год. Нарадзіўся Браніслаў Эпімах-Шыпіла.

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, выдавец, фалькларыст, мовазнаўца.

Валодаў больш чым 20 мовамі

Ачольваў беларускі культурны рух у Пецярбургу, прымаў удзел у стварэнні беларускага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца».

Абгрунтоўваў правы беларускага народу на самастойнае нацыянальнае развіццё.

Працаваў старшынёй камісіі Інстытуту беларускай культуры па складанні слоўніка жывой беларускай мовы.

Складальнік унікальнай рукапіснай хрэстаматыі беларускай літаратуры.

Арыштаваны савецкімі карнымі органамі ў 1930 годзе па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Утрымліваўся ў няволі два месяцы. Вымушаны быў з’ехаць з Мінску. Асеў у Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург, Расія), дзе і памёр.

1891 год. Нарадзіўся Антон Баліцкі.

Дзяржаўны дзеяч, публіцыст.

Народны камісар асветы савецкай Беларусі, адзін з актыўных дзеячаў палітыкі беларусізацыі.

Удзельнічаў у распрацоўцы і стварэнні сістэмы сярэдняй і вышэйшай адукацыі.

Аўтар артыкулаў па пытаннях нацыянальнай і культурнай палітыкі.

Правадзейны сябра Інстытуту беларускай культуры, старшыня секцыі беларускай мовы і літаратуры.

Двойчы арыштоўваўся савецкімі карнымі органамі. Расстраляны ў 1937 годзе.

1931 год. Нарадзіўся Пётр Лысенка.

Археолаг, даследчык культуры дрыгавічоў і Тураўскай зямлі.

Вывучаў курганы і старажытныя гарады краіны.

Вынікам яго даследаванняў сталі адкрыццё археалагічнага музею «Бярэсце» і Тураўскі археалагічны музей-павільён.

Аўтар манаграфіяў і звыш 150 навуковых артыкулаў.

Працяглы час быў старшынём палявога камітэту Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

1938 год. Нарадзіўся Віктар Дашук.

Кінарэжысёр-дакументаліст.

Паводле яго сцэнарыяў, знята больш 80 твораў, у тым ліку «Василь Быков. Восхождение», «Витебское дело», забароненых у Беларусі «Ночь длинных ножей», «Репортаж из клетки для кроликов».

Зняў фільмы паводле твораў Алеся Адамовіча «Я з вогненнай вёскі» і Святланы Алексіевіч «У войны не женское лицо».

1940 год. Памёр Сяргей Паўловіч.

Публіцыст, грамадскі і культурны дзеяч, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі.

Адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы.

Аўтар школьных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.

Аўтар прац па самаадукацыі і хатнім выхаванні, культурна-асветнай рабоце, рэлігійнай адукацыі.

Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1930 і 1933 гадах.

Выдавец дзіцячага часопісу «Снапок».

1967 год. 70-годдзе Магілёва.

Адзначалі два дні – 16-17 верасня.

У горадзе з’явіўся сквер 700-годдзя Магілёва перад кінатэатрам «Космас».

1999 год. Знікненне апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага.

На меркаваным месцы знікнення былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля Красоўскага і кроў зніклых.

У студзені 2003 года пракуратура Мінска прыпыніла расследаванне крымінальнай справы па факце знікнення Ганчара і Красоўскага.

У снежні 2019 года Deutsche Welle выпусціла дакументальны фільм, у якім былы супрацоўнік спецпадраздзялення МУС Беларусі Юрый Гараўскі кажа, што менавіта яго падраздзяленне арыштавала, вывезла і забіла Захаранку, а пазней Ганчара і Красоўскага.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Апошнія навіны

Магілёўскае упраўленне капітальнага будаўніцтва злавілі на маніпуляцыях пры закупках

Буйнейшы забудоўшчык у Магілёўскім рэгіёне, абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва сістэматычна парушала заканадаўства аб дзяржаўных закупках…

22 кастрычніка, 2024

Магия черная и белая – как депутат Дьяченко принимал граждан в Осиповичах

Депутат Олег Дьяченко во время приема граждан в Осиповичах внезапно собрал вокруг себя много людей…

22 кастрычніка, 2024

Два пенсіянеры за адзін дзень загінулі на пажарах у Клічаўскім раёне

Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін…

22 кастрычніка, 2024

В Могилеве заработала партийная школа, где готовят фальсификаторов выборов

Члены пролукашенковской партии «Белая Русь» будут пачками повышать квалификацию в Могилеве. Кривая благосостояния народа растет,…

21 кастрычніка, 2024

У “цёплай і душэўнай абстаноўцы”, але з пустымі кубкамі віншавалі ў Горках з Днём маці

Кіраўніцтва Горацкага райвыканкама правяло ўрачысты прыём для шматдзетных маці блізнятак, двайнятак і трайнятак. Жанчыны былі…

15 кастрычніка, 2024

У Магілёве апячаталі кватэру былой палітзняволенай Анастасіі Булыбенка

Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак. У былой палітзняволенай, што…

14 кастрычніка, 2024